Андрэй Курэйчык здыме беларускую камедыю пра моладзь — "Партызанфільм"
Андрэй Курэйчык здыме беларускую камедыю пра моладзь. Яе рабочая назва — "Партызанфільм". Гэта будзе новы незалежны кінапраект беларускага драматурга і рэжысёра.
Як інфармуе БелаПАН, у чэрвені Курэйчык збярэ здымачную групу, будзе зацверджаная назва. Самі здымкі запланаваныя на жнівень (яны будуць праходзіць пераважна ў Мінску і Брэсце). Паводле слоў рэжысёра, фільм задумваецца як эксцэнтрычная маладзёжная камедыя, "лёгкая, забіяцкая і вельмі хуліганская". "Партызанфільм" распавядзе пра прыгоды трох маладых людзей, якія шукаюць хуткія і лёгкія грошы.
"Як звычайна мы пачынаем без грошай, але спадзяёмся знайсці партнёраў, — кажа Андрэй Курэйчык. — Будзем шукаць сродкі таксама ў сацсетках, на платформе talaka.by". Ён спадзяецца, што фільм будзе паспяховым і цалкам акупіцца. Паводле слоў Курэйчыка, былі ўлічаныя ўсе памылкі мінулага праекта "ГараШ". Той фільм быў зняты за чатыры дні, новы плануецца зняць за 15, кажа Андрэй Курэйчык.