Антыфэйк: ці бяруць у Беларусі на працу з судзімасцю па "народным артыкуле"
Працоўная кніжка / ex-press.by
Карыстальнікі інтэрнэту вырашылі абвясціць байкот кампаніі "21век" праз тое, што пры прыняцці на працу там нібыта патрабуюць выпіску з РУУС — даведку аб несудзімасці па артыкуле 24.23 (удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве). Вы напэўна бачылі гэты допіс у сацсетках.
Еўрарадыё захацела праверыць, ці сапраўды працадаўца вырашыў так моцна паменшыць кола патэнцыйных работнікаў, — якраз у рэдакцыі аказаліся журналісты з такой судзімасцю.
Знаходзім вакансію, на якую хапіла б кампетэнцый. "Экспедытар-грузчык у горадзе Мінск" — гучыць нядрэнна, патрабаванні і абавязкі прыдатныя. Тэлефануем у кол-цэнтр, дзе нас пераадрасоўваюць на "аддзел па працаўладкаванні". Дзейнічаць вырашаем па-сур'ёзнаму, у стылі таемнага госця, толькі "таемнага саіскальніка".
— Добрый день, компания “21 век”, Александра, слушаю вас.
— Аляксандра, добры дзень, хацелася б уладкавацца да вас экспедытарам-грузчыкам.
— Рэч у тым, што на цяперашні момант у Мінску экспедытара няма вакансій.
План праваліўся з ходу. Таму пытаем любую іншую такую вакансію з навыкамі "нічога не ўмею, але вельмі патрэбна праца, ёсць правы". Нам прапануюць уладкавацца на палову стаўкі кіроўцам, графік — з 6 вечара да 10, але тут без медыцынскай даведкі з правам найму, таму таксама не падыходзіць.
Выкарыстоўваем апошні аргумент: "Дайце хоць любую працу, вельмі патрэбныя грошы". Нам задаюць стандартныя пытанні: прозвішча, нумар тэлефона, узрост, — і кажуць, што ёсць прыдатная вакансія ў гэты момант.
— У нас ёсць вакансія на поўную занятасць, гэта праца на складзе — кладаўшчыком. Ёсць некалькі брыгад: прыманне, адгрузка, размяшчэнне і камплектацыя. Кожная брыгада выконвае свой пэўны функцыянал і працуе ў свой графік працы.
— Выдатная вакансія, падыходзіць, бачыў яе на сайце. І заробак добры.
На тым канцы адказваюць, што тады трэба сабраць пашпарт, працоўную кніжку, ваенны білет. Удакладняюць, ці ёсць ён, і задаюць пытанне, дзеля якога мы сюды і патэлефанавалі: "Адміністрацыйных, крымінальных артыкулаў няма?"
— Ёсць адміністрацыйныя…
— Якія былі адміністрацыйныя парушэнні?
— Былі адміністрацыйныя парушэнні за ПДР і па 24.23 летась.
— Я зразумела. А вось па ПДР — вас пазбаўлялі правоў? Калі не пазбаўлялі, то добра, У мяне пытанняў больш няма, і калі вы гатовыя, то я магу запрасіць вас на сумоўе, мы пагутарым, абмяркуем вакансіі і што-небудзь выберам.
Стоп-стоп-стоп! А як жа 24.23?
— А вось вы ў мяне спыталі пра адміністрацыйныя, і 24.23 артыкул у мяне, нічога страшнага?
— Нічога страшнага. Абсалютна не праблема, у нас вельмі лаяльная кампанія, за гэта нават не хвалюйцеся.
Гэта значыць, па факце аказалася, што кампанія не звяртае ўвагі пры прыёме на працу на адміністрацыйны артыкул. А гэта ўдакладняльнае пытанне можна растлумачыць тым, што некаторыя вакансіі прадугледжваюць матэрыяльную адказнасць.
Пацвярджэнне гэтай інфармацыі мы знайшлі і ў афіцыйных групах кампаніі ў фэйсбуку і ва "УКантакце". На пытанне карыстальніка, ці патрабуюць там даведку, анлайн-крама напісала, што "гэта неверагодная інфармацыя. Ніякіх даведак аб адсутнасці судзімасці па 24.23 мы не патрабуем. Выбіраем супрацоўнікаў толькі па іх прафесійных якасцях".
Артыкул 24.23 (23.34 па старым КаАП) — "народны". Паводле звестак праваабарончага цэнтра "Вясна", з пачатку гэтага года ў Беларусі прайшло 1055 судовых пасяджэнняў, на якіх разглядаліся справы аб такіх правапарушэннях.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.