Аня, чыю сям'ю затрымалі за парасон: улада стварае ілюзію кантролю над сітуацыяй
Сёстры Юлія і Ганна Міхайлавы / TUT.by / хатні архіў
"Як сказала адна мая добрая знаёмая: "Нават лаўкі ў зале суда верылі ў невінаватасць тваіх родных", — расказвае Еўрарадыё Ганна Міхайлава. 6 красавіка за шпацыр з белым парасонам па праспекце Пераможцаў у Мінску (у пратаколе напісана "бел-чырвона-белы") была затрыманая яе сястра Юлія, а таксама брат Пётр, які ў той момант быў разам з ёй (збіраўся ехаць на курсы праграмавання). Пазней дадому прыйшлі з ператрусам, за якім адбылася чарада затрыманняў іншых сваякоў Ганны: мамы Таццяны, таты Уладзіміра, сястры Ліліі. Дзяўчына баіцца, што будзе наступнай.
"Нягледзячы на тое, што я не здзяйсняла ніякіх правапарушэнняў, з нейкай прычыны мяне хочуць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці", — кажа суразмоўніца Еўрарадыё.
Што адбываецца
Ганна Міхайлава: Мама была дома адна. У яе сур'ёзныя праблемы з лёгкімі — фіброз — ад хвалявання самаадчуванне пагоршылася. Сястра Лілія, якая жыве непадалёк, зайшла да нас дадому, каб пераканацца, што з мамай усё ў парадку, і таксама была затрыманая. Пасля ператрусу маму даставілі ў РУУС, аргументаваўшы тым, што яе дачка ўдзельнічае ў акцыях пратэсту.
Сястру, у якой двое непаўналетніх дзяцей, пасля складання пратаколу адпусцілі, а Юлю, Пятра і маму адвезлі на Акрэсціна. На наступны дзень быў суд.
Мама да апошняга верыла, што яе адпусцяць: казала, што супрацоўнікі, якія яе затрымлівалі, былі добразычлівыя. Яна заўсёды бачыць лепшае ў людзях. У выніку Юлі прысудзілі 25 сутак, Пятру шэсць, а маме пяць сутак, нягледзячы на тое, што з яе захворваннем знаходжанне ў камеры — гэта сапраўднае катаванне.
На наступны дзень пасля затрымання да нас дадому зноў прыйшлі супрацоўнікі сілавых структур, гэтым разам з аглядам, і ўручылі тату позву ў РУУС, таксама агляд прайшоў і дома ў сястры, яе таксама выклікалі ў РУУС. У час гутаркі ў міліцыі ў бацькі і сястры спрабавалі высветліць маё месцазнаходжанне.
Цяпер складана сказаць, што будзе далей. Думаю, што сітуацыя, якая адбылася ў маёй сям'і, — наглядны прыклад таго, на што гатовая пайсці цяперашняя ўлада, каб трымаць людзей у страху і стварыць ілюзію кантролю над сітуацыяй.
Сем братоў і сясцёр
Еўрарадыё: Раскажыце пра сваю сям'ю. У што вы верыце? Што вас аб'ядноўвае?
Ганна Міхайлава: У сям'і маіх бацькоў сямёра дзяцей. Бацькі з дзяцінства прышчаплялі нам хрысціянскія каштоўнасці, вучылі шанаваць тое, што мы маем, і стараліся ўзгадоўваць у нас станоўчыя якасці. Мне здаецца, яны выдатна з гэтым справіліся.
У нас усіх невялікая розніца ва ўзросце, я — малодшая дачка, і мне 25, а старэйшай сястры 37. Думаю, што гэта спрыяла таму, што паміж намі склаліся сяброўскія адносіны і мы з братамі і сёстрамі часта праводзім час разам.
Наш бацька са шматдзетнай сям'і, таму шмат родных. Думаю, у першую чаргу нас аб'ядноўвае сам факт таго, што ўсе мы — адна вялікая сям'я. Дома палітыка ніколі не была прычынай рознагалоссяў або канфліктаў, але ёсць некалькі сваякоў, якія падтрымліваюць дзейную ўладу. На цяперашні момант я лічу за лепшае з імі не мець зносін.
Галоўная матывацыя — гэта беларусы, якія цяпер сядзяць у турмах
Еўрарадыё: Як ставіцеся да падзей, якія адбываюцца ў краіне?
Ганна Міхайлава: Я адчуваю шчыры гонар за многіх беларусаў. Мне здаецца, што мы яшчэ не да канца ўсвядомілі, як шмат ужо зрабілі. З іншага боку — наперадзе ў нас доўгі шлях, і невядома, колькі яшчэ людзей трапіць пад каток рэпрэсій з боку дзейнай улады, ёсць шмат надзей і шмат асцярог, але мне заўсёды хочацца верыць у лепшае.
Памятаю гісторыю, якая здарылася ў час велапрабегу салідарнасці. Калі мерапрыемства ўжо падыходзіла да канца, хтосьці з хлопцаў прапанаваў паехаць па іншым маршруце. Хлопцы, якія нас накіроўвалі, аказаліся супрацоўнікамі сілавых структур у цывільным, і мы прыехалі ў загадзя падрыхтаваныя пункты, дзе нас ужо чакаў АМАП і вайскоўцы. У нейкі момант хлопец побач са мной заўважыў бусы і крыкнуў мне, каб я з'язджала. Не паспела я апамятацца, як яго ўжо затрымалі. Я паехала ў адваротны бок, але і там ужо затрымлівалі ўдзельнікаў велапрабегу. Тады я разгледзелася і вырашыла, што засталася ў гэтай пастцы адна. Раптам мяне нехта паклікаў: пад лаўкамі хаваліся хлопец і дзяўчына са сваімі роварамі, яны прапанавалі схавацца побач з імі. У той дзень мне цудам удалося вярнуцца дадому.
Еўрарадыё: Як вы рэагавалі на тое, што адбывалася пасля выбараў?
Ганна Міхайлава: Я да апошняга памылкова верыла, што супрацоўнікі сілавых структур не стануць выконваць злачынных загадаў. Калі з'явіліся навіны пра збіццё і катаванні, зразумела, што многім з нас проста пашанцавала не апынуцца на іх месцы, і падумала, што калі яны пацярпелі за нас, то цяпер наш час выходзіць за іх, і прыняла рашэнне выходзіць на мітынгі, нягледзячы на страх і асцярогі.
Еўрарадыё: Вы верыце, што мірныя пратэсты зменяць сітуацыю ў Беларусі?
Ганна Міхайлава: Мірныя пратэсты ўжо змянілі беларусаў. Мы ўбачылі, як шмат сярод нас прыхільнікаў перамен. Зразумелі, што нас акружае мноства спагадлівых, неабыякавых, смелых і сапраўды неверагодных людзей.
Я думаю, што мірны пратэст — гэта наш шлях да пабудовы дэмакратыі, за якую мы змагаемся. Мяркую, што ў доўгатэрміновай перспектыве перамены непазбежныя, але не думаю, што гэта адбудзецца ў найбліжэйшы час.
Еўрарадыё: Ёсць людзі, якія кажуць, што баяцца выходзіць або не бачаць у гэтым сэнсу...
Ганна Міхайлава: Мая галоўная матывацыя на цяперашні момант — гэта беларусы, якія цяпер сядзяць у турмах. Для іх мы — адзіная надзея, і мы не маем права іх падвесці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.