Аплату ацяплення па індывідуальных лічыльніках хочуць зрабіць абавязковай
Плату за цяпло па індывідуальных лічыльніках плануюць зрабіць у Беларусі абавязковай. "Сёння прымаецца рашэнне пра абавязковае выкарыстанне гэтых прыбораў у шматкватэрных жылых дамах, дзе яны ўстаноўленыя, — распавядае Андрэй Рамашка, начальнік упраўлення жыллёвай гаспадаркі МінЖКГ. — Гэта дзяржаўны інтарэс і палітыка ў частцы эканоміі цеплавой энергіі".
Доля шматкватэрных дамоў, дзе ёсць магчымасць пакватэрнага ўліку спажывання цяпла, складае каля 10%. Разлічвацца па лічыльніках — справа добраахвотная. Але карыстаецца такой магчымасцю менш за палову з гэтых 10%. Пакуль што тым, у каго стаяць такія прыборы, плаціць па іх нявыгадна з-за даплат за абслугоўванне.
"З улікам таго, што за абслугоўванне і разлік індывідуальных прыбораў трэба ўносіць пэўную суму, а тарыфы на цеплавую энергію невысокія, эканамічны эфект для грамадзян не відавочны і яны не імкнуцца разлічвацца па індывідуальных лічыльніках", — дадае прадстаўнік Мінжылкамгаса.
У Мінску прыборамі індывідуальнага рэгулявання і ўліку цеплавой энергіі абсталявана 848 жылых дамоў, але разлічваецца па іх толькі 507 з іх.