Аракеляны аб'ядналіся ў дуэт і запісалі тры фартэпіянныя п'есы (слухаць)

Ідэя ўласнага праекта нарадзілася ў Алены Аракелян падчас працы са спявачкай Таццянай Алейнікавай і гуртом Tanin Jazz. Алена ўжо даўно піша для іх тэксты песень.

Свае творы пачынаючая спявачка паказала брату — вядомаму джазаваму музыканту і саксафаністу “Крамбамбулі” Паўлу Аракеляну. Ён дапамог з музыкай і аранжыроўкамі. А пасля, падчас працы ў студыі, дадаў "адмысловыя шумавыя эфекты”: плясканні па плячах і грудзях. Вось ён, сапраўдны “аракелянаўскі” каларыт!

Праект пад працоўнай назвай "Аракеляны" запісвае песні на англійскай мове, аздобленыя фартэпіяннымі аранжыроўкамі.

“Тэксты для будучых кампазіцый нават сняцца мне адразу на англійскай! — смяецца Алена Аракелян. — Большасць з іх — сумныя і блюзавыя, хаця ёсць і вясёлае, і саркастычнае. Увогуле, у маіх тэкстах шмат метафар і псіхалагічных адсылак у падсвядомае. Так ужо атрымалася, што пасля некаторых жыццёвых падзей застаецца песня”.

У будучым да праекта далучацца і іншыя музыкі. А пакуль Аракеляны падумваюць над запісам альбома:

“Мы запісалі толькі тры кампазіцыі, але матэрыялу ў нас дастаткова, — распавядае Еўрарадыё Алена Аракелян. — Мне вельмі падабаецца, што ў нас з Пашам атрымліваецца пісаць кампазіцыі рознага характару. Напрыклад, госпел — гэта ўвогуле наша ўсё! Марым, каб атрымалася праспяваць адну з кампазіцый з сапраўдным госпел-хорам!”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі