Аргкамітэт абнародаваў праграму святкавання 25 сакавіка
Аргкамітэт кампаніі #БНР100 абнародаваў папярэднюю праграму “Свята Незалежнасці”, якое пройдзе 25 сакавіка ў Мінску каля Опернага тэатра. Нагадаем, што акцыя афіцыйна дазволеная Мінгарвыканкамам.
Пачатак збор прызначаны на 13.00. З гэтага часу на галоўнай сцэне свята пачнецца музычная праграма з выступамі гуртоў “Мутнаевока” і “Amaroka”.
Паралельна на тэрыторыі фэсту пачнуць працаваць тэматычныя пляцоўкі:
— “Вуліца БНР” з прэзентацыйнымі стэндамі і зонамі актыўнасцяў ад творчых, культурніцкіх, грамадскіх і палітычных арганізацый краіны;
— “Ежа БНР” з кропкамі харчавання, дэгустацыйнымі стэндамі, фуд-кортамі і беларускімі стравамі;
— “Кірмаш БНР” з сувенірамі і падарункамі ў нацыянальным стылі, беларускамоўнай літаратурай і настольнымі гульнямі, прэзентацыяй разнастайнай прадукцыі да 100-годдзя БНР;
— пляцоўка “Дзеткі БНР” з адукацыйна-забаўляльнымі заняткамі для дзетак, гульнямі і аквагрымам у нацыянальным стылі.
А 14-й гадзіне ўрачыста адкрыецца “Свята Незалежнасці”. Яго правядуць легендарная дыктарка Беларускага тэлебачання Зінаіда Бандарэнка і вядоўца тэлеканалу “Белсат” Усевалад Сцебурака.
Плануюцца выступы запрошаных гасцей, зачытванне 3-й Устаўной граматы, тэатральна-музычная праграма з удзелам актораў “Свабоднага тэатра” і музыкаў. Спявачка Таццяна Грыневіч і мужчынскі хор “Headspring” выканаюць нацыянальныя гімны беларусаў “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”, “Магутны Божа” і “Пагоня”.
З 15.00 да 19.00 на галоўнай сцэне Свята запланаваныя выступы Ігара Варашкевіча і гурта “Крама”, Касі Камоцкай з песнямі гурта “Новае Неба”, Пятра Клюева з беларускамоўнымі хітамі XXI стагоддзя, лідара гурта “Дай Дарогу!” Юрыя Стыльскага, папулярных гуртоў “Akute”, “РСП”, “Dzieciuki”. Выступы яшчэ некалькіх вядомых гуртоў будуць абвешчаныя за некалькі дзён да 25 сакавіка.
Музычна-забаўляльную частку свята будуць весці акторы “Свабоднага тэатра” Аляксей Сапрыкін і Юлія Шаўчук.
Арганізатары абяцаюць, што на галоўнай сцэне таксама адбудуцца:
— анлайн-прэзентацыя песні Лявона Вольскага да 100-годдзя абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі;
— Спеўны сход з Сяржуком Доўгушавым з праграмай “Песні і гімны БНР”;
— розыгрыш падарункаў ад генеральнага партнёра свята — беларускай інфармацыйнай кампаніі “БелаПАН” і ад афіцыйных спонсараў;
— віншавальныя выступы ад вядомых і паважаных беларусаў ды прадстаўнікоў арганізатараў свята.
Галоўная пляцоўка фестывалю будзе абсталяваная вялікімі экранамі, каб трансляваць выступы гасцей і музыкаў на сцэне, відэа-віншаванні ад паважаных беларусаў з усяго свету, праектаваць тэксты песень падчас “Спеўнага сходу” ды іншай святочнай візуалізацыяй.