Арлова пакуль не высяляюць, але ён заступаецца за сваіх суседзяў

“Гэты праект прадугледжвае высяленне такіх жылых дамоў, як Валадарскага 17, Валадарскага 19, Карла Маркса 9, Карла Маркса 21а”.

Урывак з графіку рэканструкцыі сталічнай вуліцы Карла Маркса, зачытаны намеснікам кіраўніка адміністрацыі Ленінскага раёна Аляксандрам Красуцкім, быў зацверджаны яшчэ да яго грамадскага абмеркавання. 2 лютага жыхары вул. Маркса сабраліся ў двары дома №17, каб пачуць ад уладаў хоць нейкае ўцямнае тлумачэнне, чаму іх збіраюцца высяляць з уласных кватэраў. Раней жа звесткі да іх даходзілі толькі з прэсы.

Жыхар: “Было смешна сказана ў інтэрв’ю спадара Казакоўскага, што высяленне з жылых дамоў будзе праводзіцца, таму што нібыта бялізна, якая вісіць на балконах, абражае яго эстэтычныя пачуцці. Я разумею, што казіно ягоныя эстэтычныя пачуцці не абразіць”.

Спадар Красуцкі паспрабаваў супакоіць жыльцоў, што сёлета іх ніхто не высяліць. Маўляў, праект яшчэ не зацверджаны:

Аляксандр Красуцкі: “Гэты праект распрацаваны, і ён накіраваны сёння на ўзгадненне ў камітэт архітэктуры. Гэты праект яшчэ не зацверджаны”.

Аднак галоўнае пытанне, якое задавалі жыхары вуліцы Аляксандру Красуцкаму, было: чаму праект ствараўся без грамадскага абмеркавання? На што Красуцкі адказаў – грамадскае абмеркаванне было:

Аляксандр Красуцкі: “Грамадскае абмеркаванне гэтага праекту было надрукаванае ў газеце “Минский курьер” 6 снежня мінулага года, было размешчана на сайце Мінгарвыканкаму”.

У адказ на гэтую заяву пратэстоўцы паказалі дакумент, які сведчыць, што грамадскае абмеркаванне адбылося пасля зацвярджэння графіку выканання праекту. Графік, дарэчы, прадугледжвае і высяленне жыльцоў:

- Ёсць графік праектавання і выканання работаў па рэканструкцыі вуліцы Карла Маркса ад вул. Валадарскага да вул. Камсамольскую. Зацверджаны ён 15 лістапада 2007 года. Скажыце, чаму вы зацвердзілі графік, а грамадскае абмеркаванне правялі потым?
- Паважаныя, альбо вы гаворыце, альбо я.
- Вы вельмі доўга і марудна гаворыце. І дрэнна гаворыце!
- Я хачу данесці ўсю інфармацыю, якая ёсць па дадзенай праблеме.

Данесеная інфармацыя абурыла пратэстоўцаў. Летась Мінюст не дазволіў перайменаваць шэраг вуліц сталіцы, таму што не было грамадскага абмеркавання. А цяпер без гэтага самага абмеркавання высяляюць людзей. Прысутны на сустрэчы пісьменнік Уладзімір Арлоў, які жыве ў 17-м доме на Карла Маркса:

“Толькі што адрамантаваны капітальна дом 21а. А паводле гэтага праекту ён ідзе пад знос і на яго месцы будуецца аўтастаянка”.

Што ўлады прапануюць узамен кватэры ў цэнтры сталіцы? Гаворыць жыхарка дому 19 па Карла Маркса Алена Касых:

“Вы ведаеце, я размаўляла з дырэктарам УКБ Ленінскага раёна Казакоўскім. Ён сказаў, што калі ў мяне, напрыклад, кватэра 80 метраў, то мяне пераселяць у іншыя 80 метраў. Раён не назваў. Сказаў – у парадку чарговасці здачы жылля. Аднак прабачце. У гэтую кватэру ў нас ужо ўкладзены грошы. І кватэры ў нас тут нестандартныя. Там столі — тры з лішнім метры. Кватэры вялікія. Дык вось пад гэтыя кватэры падабраная пэўная мэбля. Што яны мне даюць 80 метраў у іншым раёне. Яны мяне спыталі, хачу я ці не хачу?”

Рашэнне, якое можа задаволіць будучых высяленцаў, прапанаваў прысутны на сустрэчы пісьменнік Адам Глобус:

“Я лічу, што ўсё можна вырашыць праз грошы. Народу павінны заплаціць столькі, колькі гэта каштуе ў рэальнасці, а не проста памяняць шыла на мыла”.

І пакуль умовы абмену жыхароў сталічнай вуліцы не задаволяць, яны будуць пратэставаць і спрабаваць дамаўляцца. Наступную сустрэчу пратэстоўцы ды прадстаўнікі ўладаў дамовіліся правесці 6 лютага.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі