Арт-пікнік FSP застаецца гарадскім

Эксперымент мінулага лета — зрабіць у Мінску гарадскі арт-пікнік — працягваецца. 26 ліпеня Freaky Summer Party, які традыцыйна праходзіў на прыродзе далей ад гарадскіх “правілаў”, ужо другі год будзе ладзіцца ў гарадскім парку.

“Месца — найлепшае, напэўна, у горадзе. Гэта востраў на Камсамольскім возеры, дзе праходзіць веласцежка. Лёгка і прайсціся датуль, і даплыць, і як заўгодна”, — кажа Еўрарадыё арт-дырэктар FSP Дзяніс Трусіла.

Між тым, сталыя прыхільнікі FSP вельмі шмат наракаюць на тое, што ў горадзе менш свабоды, “не адарвешся як хочацца, бо паўсюль твае дзеянні кантралюе міліцыя”, ды і бракуе начнога оўпэн-эйр-фармату — гарадскія фэсты мусяць заканчвацца у 23:00. Нягледзячы на гэтыя нараканні, арганізатары бачаць шмат плюсаў у цяперашнім фармаце.

“Сучасны фармат больш культурны, больш гарадскі, — кажа Дзяніс. — І, шчыра, нам больш падабаецца развівацца ў гэтым новым для нас кірунку, дзе больш арту, адукацыйных праграм і забаваў для дзяцей.”

Дарэчы, арганізатары запрашаюць для супрацоўніцтва маладых прадстаўнікоў субкультур, каб пашырыць праграму FSP:

“Калі хтосьці нас чуе і робіць прыкольныя штукі-аксесуары, новы брэнд стрыт-адзення, ці, не ведаю, лонг-борды піліць, пішыце нам, будзе прыемна пасупрацоўнічаць”.

Што да галоўнай праграмы, хэдлайнераў — яны пакуль яшчэ трымаюцца ў сакрэце, але цалкам верагодна, што каб задаволіць хіпстарскую аўдыторыю, запросяць каго-небудзь кшталту француза Woodkid ці немцаў Moderat.

Продаж квіткоў пачнецца праз два тыдні, спец-кошты будуць у межах 10 долараў. Прадугледжаныя таксама групавыя квіткі — кошт абанемента на 5 чалавек будзе значна ніжэйшы за асабісты.

Фота з афіцыйнай старонкі FSP у Фэйсбуку, відэа — з адной са сцэн FSP ад 34mag.net.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі