Freaky Summer Party: сюррэалістычны афра-біт замест эпічнай меланхоліі

Мінскі арт-пікнік Freaky Summer Party ўпэўнена абрастае імёнамі і пляцоўкамі. Прызначанае на 26 ліпеня свята ўжо вызначылася з хэдлайнерамі — гэта Debruit, Jon Kennedy і Cheese People.

“Так, мы хацелі Moderat і Woodkid, але атрымалася ўсё больш сціпла. Moderat папросту не змог, а Woodkid сказаў, збярыце 30 тысяч людзей, і тады я прыеду,” — тлумачыць Еўрарадыё галоўны арганізатар фестывалю Дзяніс Трусіла.

Арт-пікнік яшчэ не мае такой вялікай аўдыторыі, максімум тысяч 8, што, з іншага боку, дазваляе яму заставацца па-хатняму ўтульным.

“Мы не музычны фестываль, а арт-пікнік, — дадае Дзяніс. — І ў нас мусіць быць добра з самага пачатку да самага канца, а не толькі на апошнім выступе музычнага хэдлайнера”.

Тым не менш вызначаныя хэдлайнеры таксама своеасаблівыя і цікавыя. Jon Kennedy, брытанскі прадзюсар айдзіэму, выступіць на EASY STAGE, майстра сюррэалістычнага афра-біту Debruit — на MAIN STAGE. І самарскія Cheese People таксама на галоўнай, напрыканцы.

Наконт апошніх, канешне, шмат хто не разумее, чаму яны трапілі менавіта ў хэдлайнеры. Але і тут у арганізатараў ёсць тлумачэнне:

“Хэдлайнеры мусяць быць энэргічным і ў іх мусіць быць добрае шоў, — кажа Дзяніс Трусіла. — І ўсё гэта ёсць у Cheese People. Да таго ж, яны даўно ўжо не былі ў Беларусі, і гэта выдатны момант, каб іх зноўку паклікаць”.

Што да арт-пікнікоўскіх забаваў, у гэтым годзе будзе яшчэ больш экстрэмальных гульняў, ёсць планы ўсталяваць скейт-парк , задзейнічаць другі бераг возера, зладзіць катанне на вэйкбордах. І абавязкова зрабіць маркет (магчыма, Jam Market) і прапанаваць шмат ежы (пітва — не, бо пікнік безалкагольны).

“Можна будзе цэлы тыдзень нікуды не хадзіць, не шопіць, не харчавацца, эканоміць грошы, каб пасля прыйсці на FSP і там адарвацца”, — жартуе арганізатар.

Праграма FSP не будзе абмежаваная толькі 10 гадзінамі на Камсамольскім возеры. Усё пачнецца на дзень раней. Спачатку адбудзецца майстар-клас па прадзюсаванню ад дыджэя з Бразіліі Maga Bo, затым прэ-паці ў Loft Café ў стылі убран-тропікал, а пасля самога пікніка яшчэ і дзве афтэ-паці з хэдлайнерамі.

Квіткі ужо ў продажы па коштах ад 130 да 300 тысяч рублёў. Будуць прадугледжаныя і VIP-квіткі, якія дазволяць наведаць адразу ўсе падзеі.

Сайт Freaky Summer Party: artpicnic.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі