Асабісты агляд пасля спуску па трапе: як у Мінску затрымлівалі Пратасевіча

Агляд пасажыраў рэйса Афіны – Вільнюс у мінскім аэрапорце / калаж Еўрарадыё
Агляд пасажыраў рэйса Афіны – Вільнюс у мінскім аэрапорце / калаж Еўрарадыё

Пасажыры рэйса Ryanair Афіны – Вільня абвяргаюць версію затрымання Рамана Пратасевіча, якую апублікавалі праўладныя беларускія тэлеграм-каналы. Згодна з іх "умоўна афіцыйнай" версіяй, сілавікі даведаліся аб тым, што на борце пасаджанага ў Мінску самалёта знаходзіцца Пратасевіч, толькі пасля публікацыі яго фота ў телеграме.

Але відавочцы сцвярджаюць, што людзі ў форме зацікавіліся Пратасевічам практычна адразу пасля таго, як пасажыры выйшлі з самалёта і зайшлі ў аўтобус. Пасажыр па імені Саулюс выходзіў з самалёта адным з апошніх. Раман таксама сядзеў у самым хвасце, таму пакідаў борт яшчэ пазней — самым апошнім.

— Нас выпускалі групамі. Вывелі людзей з самалёта, правяралі з сабакамі ўсе рэчы. Сабакі абнюхалі рэчы, якія былі ў пасажыраў, і тады нас усіх пасадзілі ў аўтобус, — распавядае Еўрарадыё Саулюс. — Потым прыйшоў чалавек — з выгляду афіцэр. Паказаў пальцам на Рамана, спытаў: "Вы гаворыце па-руску?" Раман адказвае: "Так, гавару". "Бярыце свае рэчы і ідзіце са мной". Рамана вывелі за аўтобус і каля аўтобуса пачалі яшчэ раз правяраць яго рэчы.

Раскрылі яго сумку, адкрылі аддзяленне, дзе быў фотаапарат. Правяралі хвілін дзесяць. Потым Рамана зноў пасадзілі ў аўтобус, але з ім побач ужо стаяў беларускі афіцэр. Разам з аўтобусам яны паехалі да самага тэрмінала, дзе нас потым трымалі. Але там я яго ўжо не бачыў.
 

Еўрарадыё: Да таго, як Рамана Пратасевіча вывелі з аўтобуса, там былі людзі ў форме?

Саўлюс: Не, былі толькі пасажыры. 

Еўрарадыё: На фота з Раманам Пратасевічам стаіць чалавек у форме. Гэты чалавек суправаджаў яго пасля агляду? 

Саўлюс: Так, правільна.

Вось фота, пра якое ідзе гаворка. Са слоў пасажыра рэйса Афіны – Вільня вынікае, што яно зроблена ўжо пасля таго, як Рамана Пратасевіча аглядалі асобна ад усіх пасажыраў. Побач з хлопцам — мужчына, які яўна належыць да сілавых структур. А прапагандысцкія тг-каналы сцвярджаюць, што менавіта гэтае фота стала падставай для адгляду і затрымання.

Личный досмотр после спуска по трапу: как в Минске задерживали Протасевича
Раман Пратасевіч у аўтобусе ў мінскім аэрапорце / Еўрарадыё

Іншы пасажыр рэйса, латвіец Яніс Зведрыс, не заўважыў Рамана Пратасевіча ў аўтобусе, але затое бачыў, як сілавікі асобна правялі яго па калідоры ў аэрапорце.

— Пасля таго як мы выйшлі з самалёта, нас агледзелі і пасадзілі ў аўтобус, адвезлі ў аэрапорт. Там мы знаходзіліся ў маленькім калідоры. Ужо тады пачала прыходзіць інфармацыя пра бомбу, а пасля пра Рамана. Я адразу зайшоў у інтэрнэт паглядзець, хто гэта. І затым чалавек, з якім я разам ездзіў, сказаў: "Вось, бачыш, гэтага хлопца правялі!" Мы стаялі ў калідоры, афіцэры правялі яго міма нас. Больш мы яго не бачылі, — кажа Яніс.

Саулюс не быў знаёмы з Раманам Пратасевічам і не звяртаў на яго ўвагі падчас палёту. Але яго дачка бачыла, што адбывалася з Раманам у салоне самалёта.

— Дачка распавядала, што калі пілот сказаў, што будзем садзіцца ў Мінску, то Раман вельмі спалохаўся. Дзяўчына, якая ляцела разам з ім, перасела уперад самалёта. Раман надзеў шапку, сваю вопратку. Ён вельмі дрыжаў.

 

— Мы не бачылі вайсковага самалёта, які нас нібыта суправаджаў, — працягвае Саулюс. — Таксама здалося дзіўным тое, што самалёт зрабіў вялікі разварот, калі сказалі, што мы будзем садзіцца ў Мінску. Самалёт моцна знізіў вышыню і хвілін 20 ляцеў на нізкай вышыні. Пры падлёце ўжо бачылі праз акно, што далёка ад аэрапорта нейкія пажарныя машыны едуць, сабралася шмат людзей, міліцыі, людзей у чорнай уніформе. 

23 траўня ў Нацыянальным аэрапорце Мінск затрымалі Рамана Пратасевіча — блогера і фатографа, былога і дзейнага рэдактара тэлеграм-каналаў, прызнаных у Беларусі экстрэмісцкімі. Самалёт выконваў рэйс Афіны – Вільнюс, але быў вымушаны сесці ў Мінску з-за паведамлення аб мініраванні, што пазней аказалася ілжывым. 

Інфармацыю аб мініраванні экіпажу перадаў дыспетчар з мінскага аэрапорта. А каб суправаджаць самалёт да Мінска, з аэрадрома ў Баранавічах быў узняты знішчальнік МіГ-29.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі