Раман Пратасевіч расказаў Сабчак, колькі зарабляе на заводзе
Раман Пратасевіч і Ксенія Сабчак
Расійская журналістка Ксенія Сабчак апублікавала відэа інтэрв'ю з Раманам Пратасевічам. Пратасевіч — былы рэдактар рэсурсу NEXTA, якога беларускія ўлады арыштавалі, пасадзіўшы ў Мінску рэйсавы самалёт Ryanair, судзілі і потым памілавалі.
Пратасевіч правёў Сабчак па заводзе, дзе ён цяпер працуе зваршчыкам, і распавёў, колькі зарабляе. Паводле яго, 2200–2500 рублёў. Ён таксама заявіў, што знайсці працу было няпроста. Ён адгукаўся на вакансіі ў тым ліку ў IT, прайшоў мноства гутарак, але ў выніку, з ягоных слоў, яму ўсюды адмаўлялі "праз рэпутацыйныя рызыкі".
Сабчак спытала, ці хапае гэтых грошай для жыцця ў Мінску? "Вядома. Кватэру не здымаю, а жыву ў кватэры, якая засталася ад бацькоў. Я ў парадку", — адказаў Пратасевіч. Ён таксама распавёў Сабчак, што ягоная маці таксама вярнулася з Польшчы ў Беларусь. З ягоных слоў, яна звярталася ў "камісію па вяртанні". Успомнілі і пра ягоную паездку ў Дубай. Пратасевіч зноў заявіў, што браў тыдзень адгулаў, каб злятаць у адпачынак. Раней ён распавядаў дзяржСМІ, што паездку аплаціў са старых сабраных грошай.
Сабчак таксама паклікала на інтэрв'ю Рыгора Азаронка, прызналася, што даўно хацела пазнаёміцца з "асабістым крашам" — чалавекам, які называў яе "падлай" і "пякельнай кабылай". Збянтэжаны прапагандыст гэтым разам звяртаўся да журналісткі "Ксенія Анатольеўна" і паабяцаў даць асобнае інтэрв'ю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.