Асобны збор смецця: Чаму на ўсе кантэйнеры адна машына?
Па машыне на кожны асобны кантэйнер пасылаюць толькі ў Каменнай Горцы, для эксперыменту.
Журналістка Таццяна Каравянкова заўважае, як смецце з розных кантэйнераў для розных адкідаў забірае адна і тая ж машына. Лагічнае пытанне: навошта тады нам, спажыўцам, сартаваць смецце?
Як вывозяць смецце
У ідэале папяровыя адкіды — у адзін кантэйнер, пластык — у другі, шкло — у трэці. Але на практыцы асобна вывозяць хіба шкло. Кіроўца смеццявоза нібыта разбіраецца на месцы: ці патрэбная для кожнай сметніцы асобная машына.
“Калі кіроўца бачыць, што ў кантэйнеры для паперы толькі папера, яго вывозяць асобна, — тлумачаць у "Мінскай гарадской жыллёвай гаспадарцы". — А калі смецце адсартаванае няякасна — выкідаецца ў адну машыну. Але ўсё адно гэта не вывозіцца на звалку, а сартуецца на прадпрыемстве”.
Незразумела толькі, навошта тады асобныя кантэйнеры і лішняя праца на сартаванні.
Як сартуюць
Смецце разбірае, напрыклад, прадпрыемства “Экарэз”. Шкло яны вывозяць асобна, а вось пластык і папера ідуць у адну машыну, а сартуецца на месцы.
“Усё, што трапляе ў жоўты і зялёны кантэйнеры, ідзе ў адну машыну, а мы тут сартуем на лініі, — апісваюць працэдуру на прадпрыемстве “Экарэз”. — У Каменнай Горцы мы збіраем асобна: кожны кантэйнер адна машына, але пакуль гэта эксперымент”.
Галоўнай прычынай, з якой не вывозяць смецце на розных машынах, і сартавальнікі, і камунальшчыкі называюць адно: людзі выкідаюць смецце як папала. Еўрарадыё вырашыла праверыць гэта.
Як выкідаюць
У дворыку на Маркса бакі для смецця усе поўныя. Асобна стаяць для пластыку, для шкла, для паперы. Поруч бакі ад ЖЭСа, куды кідаюць усе адкіды.
“Машыны ўжо пару дзён няма, зламалася, — расказвае мне дворнік, якога сустракаю каля сметніка. — А так у нас смецце сартуюць, праўда, выкідаюць як хочуць”.
Сапраўды, у баку для пластыка заўважаю і паперу, і шкляныя бутэлькі. Тое самае з паперай, там і пакеты, і пластыкавыя слоічкі. Асобна толькі кантэйнер для шкла, там сапраўды бутэлькі.
У наступным дворыку па праспекце Незалежнасці ў баку для пластыка — пластыкавыя бутэлькі, у баку для паперы — папера. А вось у кантэйнеры для шкла ўсё што заўгодна: і папера, і пластык.
На іншым сметніку, таксама па праспекце Незалежнасці, бакі поўныя. У пластыку ляжыць папера, у паперы ёсць пластык.
На сметніках трапляюцца і чорныя бакі, дзе не падпісана, што туды выкідаць.
У выніку з 10 сметнікаў, якія абышоў карэспандэнт Еўрарадыё, асобна смецце выкідаюць толькі на двух, там можна вывозіць асобнай машынай. На ўсіх іншых адкіды перамешаныя ў кантэйнерах.
“У залежнасці ад раёна кантэйнеры ставяць у Мінску розныя арганізацыі, — тлумачыць каардынатар праектаў па адкідах Цэнтра экалагічных рашэнняў Анатоль Калач, — у розных раёнах розныя кантэйнеры стаяць. Можа стаяць для шкла, для пластыку, для паперы, для змешаных адкідаў. Чаму бывае, што кантэйнеры вывозіць адна машына? Бо недастатковы ўзровень інфармавання людзей, якія выкідаюць смецце. У Заходняй Еўропе, напрыклад, у Швейцарыі, кантэйнеры належаць аднаму дому. І калі людзі не сартуюць смецце, то яго вываз ім абыходзіцца даражэй”.
Дарэчы, вываз смецця ў Мінску таксама падаражэў. З 15 сакавіка вываз аднаго кубічнага метра цвёрдых адкідаў каштуе 37 тысяч. Раней гэта каштавала 30 тысяч. У Жыллёвай гаспадарцы гэта тлумачаць тым, што “ўсё ўжо падаражэла, а вываз смецця — не”.
Апошні раз вываз смецця даражэў летась у сакавіку. Каб збіраць смецце асобна, варта завесці дома па вядзёрку на кожнае смецце, ці хаця б па пакеціку. І з гэтага пачаць.
Фота: Еўрарадыё
Фота 2 - Таццяна Каравянкова