Астролаг: На небе сітуацыя для прэзідэнцкіх выбараў выбудуецца… летам

Для астролагаў, як і для гісторыі, адзін год — не тэрмін, перакананы беларускі астролаг Улад Васюк. Калі ж глядзець глабальна, то ні 2014, ні наступны год нічога не вырашаюць, жыццёвае становішча беларусаў паляпшацца не будзе да траўня 2017 года. Справа ў тым, што ўжо некалькі гадоў запар адбываецца вельмі небяспечнае праходжанне так званых трансуранавых планет, якія запускаюць доўгатэрміновыя працэсы ў гісторыі.

“Трэба пазбавіцца ілюзій, што нацыянальная валюта ў бліжэйшыя 2-3 гады стане больш моцнай, — каментуе касмічную сітуацыю Улад Васюк. — Пра тое, што рубель будзе падаць увесь 2015 год і частку 2016, можна сказаць з вялікай доляй верагоднасці. У эканамічным сэнсе наступны год нам не прынясе нічога новага”.

Напрыканцы 2015 году беларусы зразумеюць, што ўсё тое, што адбывалася апошнія два гады, мела сваёй мэтай падрыхтаваць нас да нечага больш глабальнага. Размяшчэнне зор і планет над Беларуссю ў 2015-м нагадвае астролагу 1898 год, калі адбыўся першы з’езд РСДРП. Маўляў, быў даволі шэры год, але менавіта ён запусціў працэсы, якія ў выніку прывялі да рэвалюцыі 1917 года.

“Акурат на пачатку 2016 года ў нашай усходняй суседкі Расіі адбудуцца глабальныя працэсы, звязаныя са зменай вектара глабальнай палітыкі гэтай краіны, ці звязаныя са зменай дэкарацый — першых асобаў Расіі. Таму бліжэйшыя яскравыя здарэнні нас чакаюць у студзені-лютым 2016 года”.

Дарэчы, на думку эканаміста астролага, расійскі рубель перажыве тры хвалі сур’ёзнага падзення. Першую мы назіралі 17-18 снежня, дзве другія адбудуцца ў 2015 годзе.

“У сакавіку зноў вельмі хуткімі тэмпамі пачне падаць расійскі рубель, — расшыфроўвае палажэнне адпаведных зораў Улад Васюк. — Красавік, травень — будзе паляпшэнне сітуацыі, але недзе ў другой дэкадзе чэрвеня зноў пачне падаць. Бачылі гару Арарат? Назва перакладаецца, як тры вяршыні, вось прыкладна так і будзе выглядаць графік курсу расійскага рубля. А ў жніўні можа змяніцца сітуацыя з нафтай. Кошт нафты пачне павялічвацца. Пры гэтым заняпад расійскага рубля працягнецца, але ўжо вельмі павольна”.

Верагоднасць таго, што зноў абяруць прэзідэнтам Аляксандра Лукашэнку найвялікшая. А вось наконт часу правядзення выбараў ёсць варыянты. Усе ранейшыя гады падчас прэзідэнцкіх выбараў планеты і зоры над Беларусю ўзаемадзейнічалі аднолькава. Падобная ж сітуацыя на небе выбудуецца… летам.

“З верагоднасцю недзе 40% выбары пройдуць недзе ў чэрвені-ліпені, а не ў кастрычніку-лістападзе, як агучваецца цяпер. Калі выбары адбудуцца, як і запланавана, напрыканцы года, гэта можа быць апошні тэрмін для кіраўніка, да канца тэрміну можа ён не дакіруе”.

Адносіны паміж Расіяй і Украінай, на думку астролага, пачнуць змяняцца ў кастрычніку 2015 года. Але бліжэйшая дата, калі паміж суседзямі адбудзецца нейкае больш-менш заўважанае пацяпленне — студзень 2016 года.

“Што б ні казалі палітыкі, як бы не дамаўляліся ў Мінску, раней нічога не адбудзецца, — зноў спасылаецца на праходжанне трансуранавых планет Улад Васюк. — Дарэчы і нашы адносіны з усходняй суседкай таксама не зменяцца да 2016 года. Усё будзе па інерцыі”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі