Астролаг: Пасля выбараў Лукашэнка сыдзе з пасады прэзідэнта

Вядомы астролаг Ігар Каламіец прадракае пагаршэнне адносін з Расіяй і ўзмацненне рэпрэсій супраць апазіцыі, а Павел Глоба прагназуе стабільнасць і новыя саюзы з краінамі Азіі. Вядомыя расійскія астролагі Ігар Каламіец і Павел Глоба склалі для Еўрарадыё свае прагнозы на 2010 год.

Ігар Каламіец перакананы, што сёлета Беларусь чакаюць цяжкія часы, звязаныя найперш з пагаршэннем стасункаў з Расіяй і ўзмацненнем рэпрэсій супраць апазіцыі. А пасля прэзідэнцкіх выбараў сваю пасаду можа пакінуць і Аляксандр Лукашэнка.

Ігар Каламіец: “Адносіны Расіі і Беларусі будуць пагаршацца, нягледзячы на тое, што дзеячы дзвюх краін цвердзяць пра Саюзную дзяржаву. План Саюзнай дзяржавы, хутчэй за ўсё, абрынецца пасля выбараў. Я і мае калегі-астролагі з Украіны і Расіі кажуць, што рэжым Лукашэнкі, хутчэй за ўсё, разваліцца. Верагоднае ўзмацненне палітыкі ўладаў да іншадумства, задушэння іншадумства ў Беларусі, верагодныя гучныя судовыя працэсы і пагаршэнне ўнутранай эканамічнай сітуацыі. Гэта будзе бачна ўжо ўлетку”.

А вось іншы астролаг Павел Глоба прадказвае кіраўніку дзяржавы больш аптымістычны лёс. На яго думку, Аляксандр Лукашэнка застанецца на пасадзе прэзідэнта яшчэ каля 10 гадоў.

Павал Глоба: “У 2010 годзе практычна нічога не зменіцца. Жыццё Беларусі абсалютна стабільнае. І зараз Аляксандр Лукашэнка з’яўляецца папросту ўвасабленнем беларускай палітыкі. І яна якой была, гэткай і будзе, не зменіцца на працягу таго часу, пакуль ён будзе знаходзіцца на сваёй пасадзе — то бок практычна яшчэ 10 гадоў, не менш. З Расіяй будзе прыкладна такое ж узаемадзеянне, як і з Захадам. Можа быць, гэта з-за таго, што сама Беларусь знаходзіцца ў цэнтры Еўропы. Магчыма. Менавіта таму які-небудзь нахіл краіны ў той ці іншы бок пагражае стратай нацыянальнага суверэнітэту — што ў бок Усходу, што ў бок Захаду. Таму, я мяркую, у Беларусі будзе ўзаемадзеянне і заключэнне саюзаў з тымі краінамі, якія непасрэдна з ёй не мяжуюць. Таму, хутчэй за ўсё, гэта будзе нахіл у бок ці Далёкага Ўсходу, ці Цэнтральнай Азіі, ці блізкаўсходніх краін”.

Усім беларусам Павел Глоба раіць і надалей трымацца галоўнай нацыянальнай традыцыі — чакаць, цярпець і выжываць. Менавіта гэтая якасць загадкавай беларускай душы і дапаможа ператрываць усе магчымыя бядоты 2010 года.

Павал Глоба: “Да вялікага шчасця, у Беларусі не будзе нейкіх узрушэнняў. Я б параіў беларусам папросту нармальна выжываць. Таму што ў іх ёсць адна цудоўная якасць. Яны ціхенечка — гэта такая нацыянальная традыцыя — жывуць сабе сваім жыццём, пры патрэбе выжываюць і ідуць сваёй дарогай. Гэта вельмі добрая якасць, цудоўная — чакаюць сваю зорную гадзіну! Вось і я лічу, што трэба дачакацца сваёй зорнай гадзіны. Трэба не паддавацца ані паніцы, ані нейкім дурным ідэям, якія ім убіваюцца ў галовы, — трэба можа нават з мінімуму магчымасцяў браць максімум таго, што жыццё ім прадстаўляе. Год, вядома ж, будзе не самы добры для Беларусі, але і не найгоршы!”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі