Асуджаны адміністратар папулярнага сярод жыхароў Глыбокага пабліка

Ігар Шкетаў / facebook.com
На два гады "хіміі" асуджаны Ігар Шкетаў, адміністратар папулярнага сярод жыхароў Глыбокага пабліка — "Подслушано Глубокое". Ён пяць месяцаў чакаў суда ў Віцебскім СІЗА. Суд прайшоў у раённым цэнтры на мінулым тыдні, але пра яго стала вядома толькі цяпер. Прысуд агучыў сумнавядомы сваімі палітычнымі выракамі суддзя Андрэй Тарасевіч, піша БАЖ.
Шкетава судзілі па артыкуле "Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у такіх дзеяннях" (ч. 1 арт. 342 КК).
З тэрміну абмежавання волі Ігара Шкетава, з улікам знаходжання ў следчым ізалятары (яно павялічвае ўдвая адбыты тэрмін), будзе вылічана 10 месяцаў.
У жніўні мінулага года Шкетава ўжо судзілі за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў". Праз месяц яго затрымліваў віцебскі ГУБАЗіК, які праводзіў "зачыстку" Глыбокага.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.