Асуджаны жыхар Гомеля, які ў 2022-м у адзіночку спыніў цэх свайго прадпрыемства
Іван Памесячны
Суд Савецкага раёна Гомеля асудзіў Івана Памесячнага на тры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ён працаваў наладчыкам станкоў і маніпулятараў з праграмным кіраваннем на Гомельскім заводзе пускавых рухавікоў імя Панамарэнкі, і ў лістападзе 2022-га ў адзіночку спыніў цэх прадпрыемства. Як паведамляе прэс-служба Гомельскага абласнога суда, мужчына скарыстаўся "свабодным доступам да ўсяго абсталявання, выдаліў доступ да сістэмных файлаў, прывёўшы ў няспраўны стан праграмнае забеспячэнне (камп'ютарную інфармацыю), заблакаваўшы камп'ютарную сістэму". Сцвярджаецца, што Памесячны зрабіў гэта "з помсты за нібыта нявыплачаную ў поўным аб'ёме заработную плату".
Учынак наладчыка стаў прычынай "цяжкіх наступстваў у выглядзе матэрыяльных выдаткаў". Прадпрыемству давялося прыцягваць падрадную арганізацыю, якая распрацоўвала новыя праграмы, дакументацыю. Гэта каштавала яму 99 тысяч рублёў (раней памер шкоды называлі меншы — 55 тысяч рублёў). Амаль усю гэтую суму абавязалі выплаціць асуджанага.
Іван Памесячны скончыў Гомельскі аўтамеханічны каледж, факультэт машынабудавання Мазырскага педуніверсітэта. Акрамя працы на заводзе, ён падпрацоўваў вясельным фатографам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.