Аўтамабілістам дазволяць ездзіць зімой на дэмісезонных шынах
А памер штрафу за летнюю гуму вызначыць Савет міністраў цягам бліжэйшых трох месяцаў.
Аляксандр Лукашэнка ўнёс змены і дапаўненні ў свой указ ад 28 лістапада 2005 № 551 "Аб мерах па павышэнні бяспекі дарожнага руху". Цяпер, каб пазбегнуць пакарання, аўтааматары павінны з 1 снежня да 1 сакавіка выкарыстоўваць зімовыя шыны.
“Справа ў тым, што ўказ набудзе моц толькі праз тры месяцы пасля яго афіцыйнага апублікавання, якога пакуль яшчэ не адбылося, — каментуюць магчымыя штрафы ў прэс-службе рэспубліканскай ДАІ. — І менавіта ў гэты трохмесячны перыяд Саветам Міністраў будзе рэалізоўвацца прывядзенне заканадаўства ў адпаведнасць з гэтым указам. То бок памер штрафаў мы даведаемся пазней”.
Атрымліваецца, што новы ўказ набудзе моц не раней за сярэдзіну студзеня. Адпаведна, незвычайных чэргаў на замену гумы можна не баяцца, перакананыя супрацоўнікі сталічных шынамантажоў. Маўляў, пік наведвальнасці традыцыйна прыйдзе разам са зменай надвор’я.
“Будзе так жа, як і з тэхаглядам, — выказваюць аднолькавую думку ў некалькіх шынамантажах. — Нехта больш мудры пройдзе загадзя, нехта дачакаецца апошняга дня і будзе стаяць у чэргах, а нехта будзе ездзіць на свой страх і рызыку, на ўдачу да першага снегу, напрыклад”.
Новаўвядзенні ў заканадаўства на кошты не паўплываюць, гарантуюць у шынамантажах. Сёлета “пераабуць” колы самага хадавога 15-га радыусу з заменай вентыляў і новымі грузамі для балансіроўкі будзе каштаваць у сярэднім ад 300 да 400 тысяч.
“Дазваляюцца для выкарыстання зімовыя шыны механічных транспартных сродкаў, якія прызначаныя для эксплуатацыі на абледзянелым ці заснежаным дарожным пакрыцці, якія маркіраваныя знакам у выглядзе горнай вяршыні з трыма пікамі і сняжынкай унутры яе, ці знакамі M+S, M&S, M.S, N S, ці All Seasones,” — пералічваюць дазволеныя віды зімовай гумы ў прэс-службе ДАІ.
Цікава, што ніякай статыстыкі зімовых ДТЗ з аўтамабілямі на летніх шынах няма. Маўляў, немагчыма гарантаваць, што інспектар правільна вызначыў тып гумы. Але як у такім выпадку супрацоўнікі ДАІ будуць фіксаваць парушэнні і накладваць штрафы, незразумела.
Таксама па новых правілах стала неабходным перавозіць дзяцей узростам да 12 гадоў толькі ў аўтамабільных крэслах або бустэрах для дзяцей старэйшага ўзросту. Калі рост дзіцяці перавышае 150 см., новаўвядзенні не распаўсюджваюцца. Таксама ўсё па-старому застаецца пры перавозцы дзяцей у таксі.