Аўтамабілістам павысілі штрафы, за паркоўкай будуць сачыць камеры

11 ліпеня прыняты новы закон аб захаванні бяспекі дарожнага руху. Ён уносіць шэраг паправак у старыя правілы і памеры штрафаў. Увагу Еўрарадыё прыцягвае пункт, датычны штрафстаянак.

“Змешчаныя на ахоўваную стаянку транспартныя сродкі вяртаюцца ўласніку альбо ўпаўнаважанай асобе па першым патрабаванні”, — цытуе яго для Еўрарадыё прэс-сакратар ДАІ Заводскага раёна Мінска. Але дадае, што такое патрабаванне было і ў ранейшых законах. Так што для аўтамабілістаў, якім даводзіцца ў літаральным сэнсе судзіцца са штрафстаянкамі за свае машыны, наўрад ці нешта зменіцца.

А вось штрафы за перавышэнне хуткасці, зафіксаванае камерамі, змяняюцца. Але не ўсе. За 10-20 лішніх кіламетраў за гадзіну па ранейшаму давядзецца заплаціць 0.5 базавай — 75 тысяч. За 20-30 – ужо 2 базавыя велічыні (300 тысяч, раней было 150). А за перавышэнне хуткасці больш чым на 30 км за гадзіну ад дазволенай — ажно 600 тысяч рублёў. Раней штраф за такое парушэнне складаў 3 базавыя — 450 тысяч рублёў.

У мінулым годзе ў Беларусі фотарадарамі было зафіксавана каля 472 тысяч фактаў перавышэння хуткасці. Калі памножыць гэтую лічбу на штраф памерам 2 базавыя, атрымаецца больш за 11 мільёнаў долараў. І гэта толькі за хуткасць. Прычым камер фотафіксацыі за год на беларускіх дарогах значна паболела.

Акрамя гэтага, павялічыўся памер штрафу за адсутнасць пройдзенага тэхагляду. Раней ён складаў 300 тысяч рублёў, цяпер будзе да 450 тысяч. Больш падрабязна прапісаная і магчымасць забраць кінуты аўтамабіль на згаданую вышэй штрафстаянку, расказваюць у ДАІ:

“Груба кажучы, няма ўладальніка альбо асобы, якая парушыла правілы альбо здзейсніла ДТЗ, — аўтамабіль забіраюць”.

Ёсць ў новым законе і цікавы пункт, які прадугледжвае выкарыстанне стацыянарных камер, што будуць сачыць за правільнасцю парковак. Пакуль іх ні ў Мінску, ні ў іншых гарадах Беларусі няма. Але пасля прыняцця паправак маюць абсалютна законную магчымасць з’явіцца.

“У выпадках фіксацыі перавышэння хуткасці руху, парушэння правілаў прыпынку або стаянкі транспартнага сродку дзейнымі ў аўтаматычным рэжыме спецыяльнымі тэхнічнымі сродкамі, якія маюць функцыі фота- і відэаздымкі, відэазапісу, адміністрацыйнай адказнасці падлягае ўласнік (уладальнік) транспартнага сродку”, — напісана ў новым законе.

Так што хутка сачыць давядзецца не толькі за камерамі на трасах, але і за “вялікім братам” на паркоўках. Тым больш што штрафаваць збіраюцца не кіроўцаў, а ўласнікаў машын. 150 тысяч з легкавой і 450 з грузавіка.

Людзі на аўтафорумах непакояцца, што штрафы цяпер пальюцца літаральна ракой: “Вось што цікава: да прыкладу, прыпаркаваўся я на 1 хвіліну, каб высадзіць жонку на рынку (і ў гэты момант трапіў у камеру прыбора). Праз 20 хвілін прыпаркаваўся зноў, каб забраць яе, і трапіў у камеру зноў. Штраф?”

Пра новаўвядзенні ўжо можна пачытаць на Нацыянальным прававым партале. Уступаюць у сілу на дзясяты дзень пасля публікацыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі