Тры прыватныя прадпрыемствы аштрафавалі за завышэнне коштаў на кроп і пятрушку

Свежую зеляніну прадавалі "па завышаных аптовых цэнах" / pixabay.com
Тры прыватныя прадпрыемствы аштрафавалі за завышэнне коштаў на кроп, пятрушку і цыбулю. Пра выяўленыя парушэнні паведамляе Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі. "Вясёлы агароднік плюс", "Пупкевіч" і "Вясёлы агароднік" займаліся аптовым продажам свежай зеляніны "па завышаных аптовых цэнах".
"Названыя прадпрыемствы ўжылі да цаны набыцця аптовыя надбаўкі на цыбулю зялёную ад 34,38 да 43,33%, кроп ад 33,33 да 60%, пятрушку ад 30,68 да 77,78% замест усталяванай пастановай урада № 713 "Аб сістэме рэгулявання цэн" надбаўкі 30%", — адзначаюць у міністэрстве.
Справы разглядаў Эканамічны суд Мінскай вобласці. Юрыдычныя асобы былі аштрафаваныя "у двухразовым памеры розніцы паміж фактычнай выручкай, атрыманай ад рэалізацыі рэгуляваных тавараў па завышанай цане, і разліковай велічынёй выручкі ад рэалізацыі гэтых тавараў, што склала больш за 42 тысячы рублёў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.