Аўтары праекта флагштокаў за $550 тысяч: Нам ніхто не сказаў, што гэта дорага
У інстытуце “Мінскпраект”, які распрацоўваў праект рэканструкцыі сталічнага стадыёна “Дынама”, патлумачылі, чаму на 20 флагштокаў плануюць выдаткаваць ажно 1 мільён 100 тысяч рублёў (а гэта каля 550 тысяч долараў).
Супрацоўніца “Мінскпраекта”: “Да нас ніхто не звяртаўся і не казаў, што гэта дорага, што гэта варта перагледзець. Відавочна, можна перагледзець, але для гэтага трэба бачыць альтэрнатыўныя прапановы. Адназначна, там мусіць быць нержавеючая сталь. Бо там такая канструкцыя. Будуць альтэрнатыўныя прапановы — мы іх разгледзім”.
Раней забудоўшчыкі тлумачылі, што такі высокі кошт флагштокаў абумоўлены праектам, згодна з якім, яны мусяць быць з дарагой сталі, якую не знойдзеш нават у постсавецкіх краінах.
У беларускіх фірмах, якія займаюцца вырабам і экспартам сталі, пацвярджаюць, што такія флагштокі сапраўды вельмі дарагія, і ў Беларусі іх не набудзеш.
“Гэта можна зрабіць па замове з Украіны ці Расіі. Там дарагія камплектуючыя. Конусная труба — гэта спецзамова, тым больш, такая тоўстая нержавейка”, — тлумачаць у фірме, якая займаецца сталлю.
Дабудаваць стадыён “Дынама” плануюць да лета 2018 года, а ў 2019-м там ужо пройдуць Еўрапейскія гульні.