Аўтобус, мяжа, патруль. Беларуску дэпартуюць, хоць з візай і докамі парадак

Беларуска мае візу і запрашэнне на працу, але яе дэпартуюць з Польшчы / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Беларуска мае візу і запрашэнне на працу, але яе дэпартуюць з Польшчы / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Польскія памежнікі высадзілі беларуску з аўтобуса, якім яна ехала з Прагі ў Мінск, і некалькі гадзін пратрымалі за кратамі. А потым далі два тыдні на тое, каб пакінуць Еўрасаюз, хоць у яе ёсць працоўная польская віза і запрашэнне на працу. "Валіце ў сваю Беларусь, працуйце ў сябе", — у працэсе тлумачэнняў пачула Лера (імя змененае).

Спярша мы думалі, што гэтая гісторыя — звычайнае "распальвальнае" накідванне ў сацсетках. У тыповых абставінах нешта ідзе не так, прадстаўнікі іншай краіны дапускаюць ксенафобскія выказванні, усё развіваецца драматычна (у гэтым сюжэце ёсць нават кроў) і заканчваецца дрэнна. Але мы ўсё праверылі — сітуацыя сапраўды мела месца. Лера паказала нам усе дакументы, якія мы папрасілі. У тым ліку і візу, і запрашэнне ад працадаўцы, і штамп аб дэпартацыі. Расказваем пра незвычайны кейс нашай суайчынніцы.

 

"Толькі тады можна ў Чэхію, калі наймальнік дазволіць"

Лера, грамадзянка Беларусі, уладкавалася на працу ў Польшчы. Дамовілася з наймальнікам, што спачатку ўладзіць свае пытанні, а ў офісе з'явіцца ў верасні.

У ліпені дзяўчына атрымлівае польскую працоўную візу тыпу "D05А" (для несезонных работ). У жніўні яна ўязджае па ёй у Польшчу. Пашпартны кантроль праходзіць без праблем. І спярша едзе па асабістых справах у Чэхію.

Прабыўшы ў Чэхіі некалькі дзён, Лера на аўтобусе "Прага — Варшава — Мінск" вяртаецца ў Беларусь. На чэшска-польскай мяжы аўтобус спыняе польскі памежны патруль. Пасля праверкі дакументаў пытанні ў памежнікаў паўстаюць менавіта да Леры, хоць разам з ёй едуць і іншыя беларусы. Дзяўчына паказвае працоўную візу і запрашэнне ад працадаўцы, але яе ўсё роўна высаджваюць з аўтобуса.

Автобус, граница, патруль. Белоруску депортируют, хотя с визой и доками порядок
З візай у дзяўчыны няма праблем — віза тыпу "D" доўгатэрміновая і дазваляе перамяшчацца па краінах Шэнгенскай зоны / Еўрарадыё

— Яны аргументавалі маю высадку тым, што па польскай працоўнай візе я не мела права знаходзіцца ў Чэхіі, — расказвае Еўрарадыё Лера. — Маю права знаходзіцца ў Чэхіі толькі ў тым выпадку, калі я ўжо працаўладкаваная на працы ў Польшчы. І пры гэтым калі я хачу з Польшчы з працоўнай візай выехаць у любую краіну ЕС, то мне патрэбны дазвол працадаўцы, заява з подпісам і пячаткай. Альбо я павінна была загадзя патэлефанаваць свайму кіраўніку і папярэдзіць яго.
 

"Валіце ў сваю Беларусь, працуйце ў сябе"

Дзяўчыну вязуць у пастарунак, забіраюць дакументы, тэлефон, асабістыя рэчы і пакідаюць у пакоі з крацістымі дзвярыма.

— Пасадзілі мяне за краты. Потым прыходзіць перакладчык і пачынае задаваць мне пытанні накшталт: "Чаму вы былі ў Чэхіі па польскай працоўнай візе?" Мне пачынаюць тлумачыць, што я не маю на гэта права, — успамінае Лера. — Ён [перакладчык] кажа мне: "Вас [беларусаў] ніхто тут не чакае. Што вы да нас едзеце? Валіце ў сваю Беларусь, працуйце ў сябе" і ўсё ў такім духу. Я спрабавала тлумачыць сітуацыю ў нашай краіне, што там няма магчымасці працаваць.

Автобус, граница, патруль. Белоруску депортируют, хотя с визой и доками порядок
Некалькі фота, якія дзяўчына паспела зрабіць па прыездзе ў пастарунак / Еўрарадыё

— У выніку мне сказалі, што дэпартацыя будзе ў кожным разе, але калі я зараз падпішу іх дакументы, то яна будзе на паўгода і без штрафу, — працягвае дзяўчына. — Калі не падпішу, то забарона на наведванне ЕС можа быць ад трох да пяці гадоў. Я папрасіла для сябе адваката і званок бацькам. Мне сказалі, што можна патэлефанаваць таму, чый нумар ведаю на памяць. Я набрала маме, і ў мяне амаль адразу выхапілі тэлефон. Я літаральна паспела сказаць, каб мама шукала адваката.

Мяне пытаюць: "Ты дакладна хочаш адваката?" Я адказваю, што хачу. Яны мне кажуць: "Калі ты будзеш чакаць, пакуль адвакат прыедзе, то ў нас скончыцца працоўны дзень і мы цябе адвязём у турму на двое сутак да высвятлення абставінаў". Ад хвалявання ў мяне падняўся ціск і пайшла кроў з носа. Я сядзела без тэлефона і дакументаў, я была вельмі спалоханая. У выніку я падпісала гэтую паперу.

Автобус, граница, патруль. Белоруску депортируют, хотя с визой и доками порядок
Лерына кроў на польскіх дакументах аб дэпартацыі / Еўрарадыё

Ужо была ноч, калі Леру выпусцілі з пастарунка. У стане стрэсу яна не магла сарыентавацца, як і куды ёй ехаць далей. Дзяўчына патэлефанавала знаёмым, якія прыехалі па яе на машыне і забралі назад у Чэхію.

Па прадпісанні ад польскіх памежнікаў Лера павінна пакінуць Шэнгенскую зону на працягу пятнаццаці дзён. Працадаўца дзяўчыны ўжо ў курсе сітуацыі і неўзабаве вышле ёй дамову, у якой адзначыць, што яна працаўладкаваная. Лера спадзяецца, што гэта дапаможа адмяніць рашэнне польскай Памежнай службы.

 

Безмеж ці ўсё па законе?

Автобус, граница, патруль. Белоруску депортируют, хотя с визой и доками порядок
Польскія памежнікі / фэйсбук / STRAZGRANICZNA

У абгрунтаванні да дакумента аб дэпартацыі палякі спасылаюцца на пункт 15 артыкула 302 "Закона аб замежніках" (USTAWA z dnia 12 grudnia 2013 r. o cudzoziemcach). Гэты пункт гаворыць: "Мэта і ўмовы знаходжання замежніка на тэрыторыі Рэспублікі Польшча несумяшчальныя з заяўленымі".

Ці мелі права польскія памежнікі затрымліваць і высылаць дзяўчыну? Еўрарадыё расказала пра сітуацыю Яраславу Стэцюну, прадстаўніку рэсурсу "Польскі кансультант".

Автобус, граница, патруль. Белоруску депортируют, хотя с визой и доками порядок

— Гэтае пытанне адносіцца да тых, на якія няма магчымасці даць адназначны адказ, — кажа Стэцюн. — З аднаго боку, любая нацыянальная віза, выдадзеная дзяржавай Шэнгенскай зоны, дазваляе наведванне іншых краін гэтай зоны ў рэжыме 90/180, калі няма забароны на ўезд у канкрэтную краіну з захаваннем магчымасці наведваць іншыя (што вельмі рэдка, але бывае).

З іншага боку, памежнікі або іншыя адпаведныя службы любой дзяржавы маюць права прызнаваць таго ці іншага чалавека пагрозай нацыянальнай, грамадскай або якой-небудзь іншай бяспецы. У гэтым выпадку чалавеку могуць ануляваць візу і забараніць уезд, нягледзячы на тое, што раней віза была дадзена.

Апісаная сітуацыя вельмі падобная якраз да такой. У сілу міжнароднай абстаноўкі падазронасць памежнікаў некаторых краін абвастрылася. Ім проста здалося, што такі маршрут выклікае падазрэнні.

Больш дэталёва, не ведаючы ўсіх нюансаў, сказаць, на жаль, немагчыма. Дадам толькі, што яшчэ некалькі гадоў таму такі маршрут мала ў каго выклікаў падазрэнні, у той час як цяпер падобных скаргаў паступае нямала. І вядома, няма ніякіх патрабаванняў аб узгадненні маршруту з працадаўцам: ён ніяк не можа абмяжоўваць Вашу свабоду.

Автобус, граница, патруль. Белоруску депортируют, хотя с визой и доками порядок
Польскі памежнік / фэйсбук / STRAZGRANICZNA

— Нацыянальная віза "D" — доўгатэрміновая віза, якая дае права знаходзіцца толькі на тэрыторыі краіны, якая выдала такую візу, — расказвае Еўрарадыё беларускі спецыяліст па легалізацыі. — Гэтая віза таксама дае права на транзітны праезд па тэрыторыі іншых краін Еўрасаюза і права знаходзіцца ў краінах Шэнгенскай зоны 90 дзён на кожныя 180 дзён.

Дзяўчына ўехала на тэрыторыю Польшчы па дзейнай польскай працоўнай візе. Першая краіна ўезду — Польшча. Парушэнняў няма. Па ўсіх правілах, якія дзейнічаюць у Шэнгенскай зоне, дзяўчына, якая мае польскую візу "D", мела права на свабоднае перамяшчэнне па ўсёй тэрыторыі Шэнгенскага пагаднення тэрмінам не больш як 90 дзён знаходжання на кожныя 180 дзён.

Супрацоўнікі Памежнай службы спасылаюцца на тое, што дзяўчына не прыехала да працадаўцы, а адразу паехала ў Чэхію. Але калі запрашэнне на працу дзейнае, віза ў пашпарце дзейная, то дзяўчына мела поўнае права на перасоўванне ўнутры Шэнгенскай зоны.

Іншая рэч, калі працадаўца скасаваў запрашэнне і, адпаведна, візу. Але з працадаўцам дзяўчына ў кантакце, і запрашэнне па-ранейшаму дзейнае. Маё меркаванне — памежнікі перавысілі свае паўнамоцтвы і ў іх не было падстаў высылаць дзяўчыну з Польшчы, — рэзюмуе спецыяліст.

Еўрарадыё накіравала афіцыйны запыт у польскую Памежную службу з просьбай дэталёвага тлумачэння сітуацыі. Мы абавязкова напішам, чым скончылася гэтая гісторыя.

Беларусам, якія едуць за мяжу па працоўнай візе, рэкамендуем вывучыць на памяць тэлефон беларускага консульства і нумары блізкіх людзей. Акрамя таго, у цяжкай сітуацыі дапаможа падключаны загадзя інтэрнэт-роўмінг. Не лішнім будзе таксама расказаць пра свае перамяшчэнні наймальніку — проста для таго, каб ён быў у курсе і, калі што, мог выйсці на сувязь і даць тлумачэнні са свайго боку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі