Азаранка і Уільямс пракаментавалі смех гледачоў з іх крыкаў
У аўторак на Уімблдоне прайшоў чвэрцьфінальны матч, у якім перамагла амерыканка.
Вікторыя Азаранка і Серэна Уільямс пракаментавалі смех гледачоў з іх гучных крыкаў на корце ў чвэрцьфінальным паядынку на Уімблдоне. Яго, як вядома, у трох сэтах выйграла амерыканка.
Журналістаў цікавіла, як аднесліся тэнісісткі да такой рэакцыі гледачоў. "Ой, усё. Больш не хачу гэта абмяркоўваць", — сказала Уільямс. Яна спаслалася на стомленасць і прапанавала задаваць іншыя пытанні.
"Мне ўжо надакучылі гэтыя пытанні, — сказала Азаранка. — Мяне раздражняе гэта, таму што некаторыя мужчыны крычаць яшчэ гучней, але ніхто пра гэта не гаворыць". Вікторыя прыгадала Рафаэля Надаля, які падчас адной з трэніровак крычаў гучней, чым яна.
Беларуская тэнісістка лічыць, што "ў эмоцыях людзей няма нічога страшнага, таму што мы ўсе робім шоу". Паводле слоў Азаранкі, яна выходзіць на корт, "каб змагацца ў кожным розыгрышы". А ўсё астатняе не мае значэнне, сказала Вікторыя.
Здымак з архіву.