Бабруйчаніна асудзілі за абразу міліцыянтаў з Жабінкі
Суд Бабруйскага раёна і горада Бабруйска прысудзіў паўтара года "хатняй хіміі" Аляксандру Шацілу, якога вінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК), паведамляюць праваабаронцы.
Нагодай стаў каментар, які мужчына пакінуў у сацсетцы "Аднакласнікі" 15 ліпеня 2020 года. Шаціла пабачыў фатаздымкі старшага ўчастковага інспектара Пружанскага райвыканкама маёра С. Каляды і лейтэнанта Дзмітрыя Таразевіча ў форменным абмундзіраванні і надпісам “Гэта мы прымянілі ўдушальны прыём супраць мірных грамадзян у Пружанах”. Пад гэтай публікацыяй ён і пакінуў, як гаворыцца, "абразлівы і зняважлівы каментар, прынізіў тым самым іх гонар і годнасць".
Суддзя Вольга Серакова прызначыла мужчыну "хатнюю хімію" і маральную кампенсацыю кожнаму з названых міліцыянтаў — па 1000 рублёў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.