Бабруйскім баптыстам вынеслі папярэджанне з-за грамадзян ЗША
Магілёўскі аблвыканкам вынес папярэджанне бабруйскай абшчыне евангельскіх хрысціян-баптыстаў “Царква Ласкі Гасподняй”. Прычына гэтага ў тым, што 9-10 верасня абшчына без ўзгаднення з уладамі праводзіла рэлігійныя мерапрыемствы з удзелам групы грамадзян ЗША.
Як піша krynica.info, абласныя ўлады ўбачылі ў гэтым парушэнне арт. 29 закона Беларусі “Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях” і Палажэння аб парадку запрашэння замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліку Беларусь у мэтах заняткаў рэлігійнай дзейнасцю.
Намеснік старшыні аблвыканкама Валерый Малашка патрабуе не дапускаць падобных парушэнняў у далейшым і пагражае у адваротным выпадку прыпыніць дзейнасць абшчыны і звярнуцца ў суд з заявай аб яе ліквідацыі.
Галоўны рэдактар часопіса Саюза евангельскіх хрысціян-баптыстаў у Беларусі “Крыніца жыцця” Васіль Трубчык адзначае, што многім людзям у свеце такія абмежаванні незразумелыя. На яго думку, царква магла б хадайнічаць перад уладамі аб рэлігійнай візе для гасцей, але з досведу вядома, што такія атрымаць праблематычна.
“Больш за тое, мы ведаем, што госці з іншых краін могуць з’явіцца раптоўна, праездам, бо многім з іх не патрабуецца ніякая віза. І калі яны патрапілі на набажэнства да вас у царкву, то вы не можаце ім даць слова, не ўзгадніўшы гэту справу з уладамі. Царква ў гэтым сэнсе не мае права ступіць крок налева або направа. Такая ў яе “свабода сумлення” і “права”, — заявіў Трубчык.