Бацька Змітра Дашкевіча: “Я раіў сыну не вяртацца з Амерыкі” (фота)
У Мінску прэзентавалі “Чарвяка” – кнігу турэмнай прозы лідара “Маладога Фронту”
Дашкевіч пачаў пісаць за кратамі ў 2006 годзе – калі яго схапілі і зняволілі ў першы раз. А самы свежы твор – уласна “Чарвяк” – датуецца 2013 годам. З гэтых 7 гадоў каля пяці Зміцер правёў у турмах ды ізалятарах. Турэмнай прозы назбіралася на 160 старонак. Прэзентоўвалі кнігу на мінскай сядзібе партыі БНФ.
Вячаслаў, Зміцер і Наста Дашкевічы
Зміцер Дашкевіч: “Першыя тэксты, якія тут ёсць, датаваныя 2006 годам. “Гісторыя трох дзён” напісаная на падставе маіх першых уражанняў ад беларускай турмы, калі мяне арыштавалі ў верасні 2006 года. З гэтага тэкста і пачалася мая творчая дзейнасць, якую я ўжо працягваў у іншых камерах, у іншых кутках Беларусі”.
Вёў прэзентацыю сябар Дашкевіча, заснавальнік “Маладога Фронту” Павел Севярынец. Чалавек дужа падобнага лёсу: за свае перакананні ўжо двойчы пабыў у зняволенні, дзе стварыў не адну кнігу. Павел параўнаў Змітра Дашкевіча з Васілём Быкавым.
Павел Севярынец: “Дашкевіч – гэта палымяны вулічны змагар, лідар “Маладога Фронту”, чалавек, які не баіцца сказаць праўду, арганізаваць акцыю, ратаваць нацыянальны гонар. Але нядаўна мы раскрылі для сябе і талент Дашкевіча-пісьменніка. Зміцер – гэта падаўжальнік традыцыі і школы Васіля Быкава ў літаратуры. Быкаў прайшоў вайну і пісаў пра вайну. Вайна за праўду і за Беларусь працягваецца і цяпер. Зміцер дае нам гэты боль і гэтую праўду адчуць. Пражытасць кожнага ягонага радка – відавочная”.
Сам Зміцер прызнаецца, што нават турэмшчыкі неаднойчы “тролілі” яго: маўляў, што ты новага пра гэта ўсё напішаш?
Зміцер Дашкевіч: “Бывае, пытаюцца: “Што ты скажаш новага пасля Салжаніцына, Шаламава, Аляхновіча?..” На вялікі жаль, да гэтага моманту ёсць, што гаварыць. Я не мог уявіць, каб у трэцім тысячагоддзі сядзелі людзі ў камеры і елі футараламі ад зубных шчотак. Ну не можа такога быць! А гэта ёсць, і начальства турэмнае адказвае: закон такі. Каб людзі ў алюмініевым кубачку, які многія з вас бачылі, варылі сабе і макароны, і гарбату…”
Самай яскравай стала прамова бацькі Змітра, Вячаслава Дашкевіча, прафесійнага журналіста. Кінутая фраза, што тата “чакаў ад кнігі большага” зрабілася цвіком вечара – да яе так ці іначай вярталіся ўсе выступоўцы. Тата не параўноўваў сына з Быкавым, затое параўнаў… з Ленінам!
Вячаслаў Дашкевіч: “Калі яшчэ нашая сям’я жыла на Калыме, то адбыўся смешны выпадак. Летам, у выходны дзень мы зайшлі ў свой двор, дзеці гуляліся ў пяску. Ішла нейкая маці з хлопчыкам, як раптам той хлопчык стаў паказваць на Змітра і крычаць: “Мама, мама, глядзі: маленькі Ленін!” Сапраўды нечым быў падобны, нейкі кучаравы…”
Зміцер Дашкевіч: “Тата, на гэтым скончым!..” (смех у залі)
Апроч вясёлых згадак, Вячаслаў Дашкевіч распавёў і пра трагічныя моманты іх стасункаў з сынам.
Вячаслаў Дашкевіч: “На яго была заведзеная крымінальная справа ў сакавіку 2006 года. А ў чэрвені яго адпусцілі ў Амерыку. Мы сядзелі са Змітром насупраць знакамітага будынка КДБ, і я не раіў яму вяртацца назад. Я ведаў, што яго пасадзяць. Ён мне сказаў на гэта: “Тата, свой шлях я выбраў самастойна – і прайду яго да канца”.
Паэт Уладзімір Някляеў прыгадаў, як некалі выйшла ягоная першая кніга, рэдактарам якой быў Рыгор Барадулін.
Уладзімір Някляеў: “Чым адрознівалася мая першая кніга ад першай кнігі Дашкевіча? Не толькі тым, што ў мяне былі вершы, а ў яго проза. Мне за першую кнігу заплацілі ганарар. І з тым ганарарам трэба было нешта рабіць. Я спытаўся ў рэдактара кнігі Рыгора Барадуліна, што рабіць з тым ганарарам. Ён параіў: “Бяры ў кішэнь – і бягом дамоў”. Але калі я патэлефанаваў паэту Анатолю Вялюгіну, ён сказаў: “Гэта Грышка кінуў піць, чаго ты яго слухаеш! Бяры гарэлку – і прыязджай, у мяне мора закусі!” Прыязджаю, а там стаіць тазік камсы: сказаць, што гэта не “мора закусі” – ніяк не скажаш!”.
У кожным творы Дашкевіча ідзе зварот да Бога, да веры. Пра гэтага казаў Зміцер і ў выступе, пра гэта казалі і госці вечарыны. Някляеў перакананы, што ніякага надуманага пафасу тут няма.
Уладзімір Някляеў: “Я ведаю, многім здаецца несучасным тое, што спавядае Зміцер сапраўдную веру. Многім гэта здаецца рысоўкай. Ведаючы і любячы Змітра, Настачку – я веру, што ўсё гэта папраўдзе і ўсур’ёз. Таму ўсур’ёз гэтая сённяшняя прэзентацыя, усур’ёз гэтая кніга”.
Жонка Змітра, Наста Дашкевіч (Палажанка) зачытала некалькі ўрыўкаў з кнігі
Кінарэжысёр Уладзімір Халіп зазначыў, што гэта цікавы феномен – абуджэнне літаратурнага таленту ў выніку нечалавечых выпрабаванняў беларускай турмой. Пагатоў, ягоная дачка Ірына Халіп літаральна пару тыдняў таму выдала свой “Дзённк зэчкі”.
Уладзімір Халіп: “Калі пачаў пісаць Павел Севярынец – для мяне гэта было радаснай нечаканасцю. Змітра я ведаў даўно – па ягоных учынках. І чакаў, як і бацька, нечага большага. І кніга “Чарвяк” – гэта і ёсць нешта большае. У Змітра ёсць талент і здольнасць звярнуцца да чалавека так, каб яго пачулі. І гэта найвялікашая зброя, якую мы цяпер маем”.
Прамовы зацягнуліся – і Зміцер не паспеў падпісаць кнігу ўсім ахвочым. А 20.00 ён мусіў быць дома – бо і цяпер знаходзіцца пад наглядам. Добра, што ягоны дом знаходзіцца за 200 метраў ад месца прэзентацыі. Бо ў двары Змітра ўжо праходжваўся – ці выпадкова? – міліцыянт. Калі Дашкевіч парушыць распарадак – яго можа чакаць новае зняволенне. Але ўсё скончылася добра – а 19.59 Дашкевіч пераступіў парог кватэры.