Бакіеў: У Беларусі дырэктары заводаў "крыху баяцца" і не ўмеюць гандляваць

Бакіеў: У Беларусі дырэктары заводаў "крыху баяцца" і не ўмеюць гандляваць

Экс-прэзідэнт Кыргызстана 66-гадовы Курманбек Бакіеў у сераду даў інтэрв'ю TUT.BY-ТВ. Між іншым, ён распавёў, як вясной 2010-га яго вывезлі ў Беларусь. Як вядома, у Бішкеку тады адбылася рэвалюцыя, ён з'ехаў на поўдзень Кыргызстана, дзе знаходзіўся дзевяць дзён. Спачатку яму патэлефанаваў Уладзімір Пуцін, які параіў, каб не было грамадзянскай вайны, з'ехаць з краіны. Пасля патэлефанаваў Аляксандр Лукашэнка. Курманбек Бакіеў кажа, што для яго гэта было нечаканасцю.

"Як ты глядзіш на тое, калі я цябе запрашу ў Беларусь?", — спытаў Лукашэнка. Бакіеў пагадзіўся. Ён кажа, што "беларускі варыянт" яму падаўся больш прымальным, чым варыянты з іншымі еўрапейскімі краінамі. Па-першае, у Беларусі ён не баяўся, што будзе праблема з мовай. Па-другое, у нашай краіне ён бываў раней.

Пасля размовы з Аляксандрам Лукашэнкам Курманбек Бакіеў вырашыў пакінуць Кыргызстан. "Пры дапамозе [прэзідэнта Казахстана] Нурсултана Назарбаева быў прысланы самалёт са спецназам, які забяспечыў маю дастаўку ў Беларусь", — распавёў былы прэзідэнт. Іншыя падрабязнасці ён не агучыў.

Бакіеў: У Беларусі дырэктары заводаў "крыху баяцца" і не ўмеюць гандляваць

Бакіеў прызнаўся, што ён не вельмі любіць падарожнічаць. З Беларусі ён некалькі разоў выязджаў у іншыя краіны, але не захацеў іх назваць. Не хоча, каб ускладніліся іх адносіны з цяперашнімі ўладамі Кыргызстана. За апошнія гады ў Бакіева нарадзіліся два ўнукі: адзін — у Беларусі, другі — у Лондане. Яго дзеці вучацца ў адной школе з унукамі Лукашэнкі, "кантактуюць, сябруюць, гуляюць".

Экс-прэзідэнт Кыргызстана кажа, што па кансультацыі да яго з беларускага ўраду ніхто не звяртаўся. Бакіеў прызнаўся, што кантактуе з іншым колам асобаў, найперш з бізнесменамі, але гэта "нефармальныя адносіны". З Аляксандрам Лукашэнкам, якога лічыць сваім сябрам, ён сустракаецца рэдка. А калі бачацца, гавораць "пра сям'ю, пра дзяцей, унукаў, пра іх поспехі, дзесьці пра прыроду", а таксама "пра ўнутраны стан". "Аляксандр Рыгоравіч, што мог, для мяне і маіх блізкіх зрабіў. І я яму вельмі ўдзячны", — сказаў экс-прэзідэнт.

У Бакіева склалася ўражанне, што ў Беларусі "кіраўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў крыху баяцца, у іх ёсць такая няўпэўненасць". А трэба "больш рашуча працаваць". Ён нагадаў, што Лукашэнку прыходзіцца падчас амаль усіх сваіх замежных паездак "спрабаваць рэалізаваць сваю прадукцыю".

"Кіраўнікі буйных дзяржпрадпрыемстваў слаба ўмеюць гандляваць, — робіць выснову Курманбек Бакіеў. — Вы, беларусы гандляваць добра не ўмееце... Нават, калі на Камароўку (на рынак у Мінску — Еўрарадыё) ходзіш, там мала гандлююцца... Вырабляеце добрую прадукцыю, якасную. Трэба вучыцца гандляваць, а гэта вялікае мастацтва".

Бакіеў лічыць, што ўладам Беларусі трэба зрабіць акцэнт на малы і сярэдні бізнес. І гэта "дзяржаве вельмі будзе дапамагаць". Паводле слоў Бакіева, моладзь у нашай краіне "прасунутая". "Хацелася б, каб чыноўнікі праслухоўваліся да іх. Калі ўрад слухае, што гаворыць "прыватны сектар", гэта на карысць пойдзе", — сказаў Курманбек Бакіеў.

Курманбек Бакіеў называе Беларусь сваёй другой радзімай (ён мае беларускае грамадзянства). За пяць гадоў ён пабываў ва ўсіх абласцях нашай краіны. Некалькі разоў з сям'ёй ён ездзіў на Прыпяць, спадабалася яму Гродзеншчына. Дзеці са сваімі класамі таксама шмат дзе пабывалі ў Беларусі. "Месцаў шмат прыгожых, добрых, утульных. Жыві і радуйся", — сказаў Бакіеў. Падабаецца яму не толькі прырода, але і клімат.

"Калі здзяйсняю нейкія паездкі, прымаю пэўныя меры бяспекі", — кажа Бакіеў. Ён не выключае, што ўлады Кыргызстана, пры дапамозе спецслужбаў і нават "крыміналітэту", могуць на яго "паўплываць".

Былы прэзідэнт Кыргызстана гаворыць, што ў першы год ён разумеў беларускую мову на 60-70%, цяпер — на 80%. Ён глядзіць беларускія тэлеканалы. Калі не разумее нейкае слова, звяртаецца па дапамогу да дачкі, якая "выдатна гаворыць на беларускай мове" і ў якой "выдатнае вымаўленне".

Таксама Бакіеў прыгадаў, як адразу пасля прыезду ў Беларусь ездзіў на паляванне. Тады ляснік сказаў "Няхай будзе так". Яму гэтыя словы запомніліся. Ён кажа, што цяпер яму перакладчык не патрэбны.

"Шчыра жадаю, каб у Беларусі, на маёй другой радзіме, быў мір", — сказаў Курманбек Бакіеў у канцы інтэрв'ю.

Нагадаем, былы прэзідэнт Кыргызстана з 2010 года жыве ў Беларусі пад абаронай Аляксандра Лукашэнкі. Бішкек неаднаразова патрабаваў яго выдачы, у яго адносінах на радзіме былі распачатыя крымінальныя справы. Але ўлады Беларусі адмовіліся яго выдаць. Бакіеў ужо мае беларускае грамадзянства. Ён кажа, што справы ў адносінах яго "сфабрыкаваныя" і не мае надзеі, што суд на радзіме будзе справядлівы, інакш "даказаў бы сваю невінаватасць". У кастрычніку сёлета Курманбек Бакіеў прэзентаваў у Мінску ў гатэлі "Вікторыя" свае мемуары. Кніга мае назву "Боль, любоў і надзея: мой Кыргызстан". Ён апісаў сваё жыццё ў той час, калі кіраваў Кыргызстанам (у 2005-2010 гады). Кніга была надрукавана ў Расіі на дзвюх мовах — рускай і кыргызскай.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі