Балгарскі суд адмовіўся экстрадаваць у Беларусь украінскага валанцёра
Дзмітрый Трафімчук з сям'ёй / RFE/RL
Суд у Балгарыі адмовіўся экстрадаваць у Беларусь украінскага валанцёра Дзмітрыя Трафімчука. Пра гэта перадае "Свабодная Еўропа" са спасылкай на яго адваката Пецю Петкава.
Суд вырашыў, што беларускія ўлады не могуць забяспечыць захаванне правоў чалавека ў турмах. Таксама суд прыйшоў да высновы, што не можа спадзявацца на пісьмовыя запэўніванні Беларусі, быццам Трафімчук не зазнае гвалту, катаванняў, жорсткага, бесчалавечнага або зневажальнага абыходжання.
Трафімчука затрымалі 19 лістапада 2022 года на мяжы, калі ён ехаў з Румыніі. Памежная паліцыя выявіла, што яго шукаюць па чырвонай картцы Інтэрпола па запыце Беларусі. Разам з мужчынам былі яго жонка і трое дзяцей. Ва Украіне доом сям'і быў разбураны пры бамбардзіроўцы на пачатку вайны.
38-гадовы мужчына правёў пад вартай у Балгарыі амаль два месяцы. За гэты час у некалькіх гарадах Балгарыі прайшлі акцыі ў яго падтрымку. Пратэстоўцы заяўлялі, што Трафімчук з'яўляецца бежанцам і збірае гуманітарную дапамогу для сваёй Радзімы, а абвінавачванне супраць яго сфабрыкаванае.
Беларусь сцвярджае, быццам у 2011-2012 гадах Трафімчук дзейнічаў у складзе арганізаванай злачыннай групы, якая выкрадала персанальныя і банкаўскія даныя грамадзян 84 краін свету. Паводле звестак беларускіх уладаў, кардары зрабілі 160 тысяч транзакцый на сайтах інтэрнэт-крам, у выніку чаго было праведзена плацяжоў на суму амаль 8 мільёнаў долараў.
Сам Трафімчук адмаўляе, што ўчыніў штосьці незаконнае або супрацьпраўнае. Яго сваякі заяўляюць, што ён не ведаў пра абвяшчэнне ў вышук. Выдача ў Беларусь, па іх словах, можа пагражаць яго жыццю. "Экстрадыцыя ў Беларусь небяспечная для жыцця Дзмітрыя. Яны могуць забіць яго", — кажа яго жонка Вікторыя Трафімчук.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.