Банда пенсіянерак абакрала абутковую краму ў Мастах
Міліцыя Гродзенскай вобласці здолела затрымаць крымінальную групу, якая скрала абутак у адной з крамаў у Мастах. Дапамаглі ў гэтым фотаздымкі з камераў відэаназірання, якія міліцыянты размясцілі ў інтэрнэце.
Падазроных апазнала жанчына з Івацэвічаў — загадчыца крамы. Яна ўзгадала, што некалькі гадоў таму яе краму таксама абакралі падобныя людзі.
Падазроных затрымалі супрацоўнікі міліцыі з Баранавічаў. Па версіі праваахоўнікаў, чатыры пары абутку з крамы ў Мастах скралі мужчына і тры жанчыны (дзве з іх — маці і дачка). Толькі адна жанчына ў гэтай групе не пенсіянерка. Усе яны маюць крымінальнае мінулае.
Цяпер праваахоўнікі правяраюць, ці маюць затрыманыя дачыненне да крадзяжоў як на тэрыторыі Гродзеншчыны, так і па ўсёй краіне.