БАТЭ стартаваў у Лізе чэмпіёнаў з перамогі над "Дандалкам" ― 2:1 (відэа)

Барысаўскі БАТЭ стартаваў з перамогі ў першым матчы другога кваліфікацыйнага раўнда Лігі чэмпіёнаў. На Барысаў-Арэне беларускі клуб з мінімальным лікам перайграў ірландскі "Дандалк" ― 2:1.

Лік у матчы адкрылі гаспадары: на 10-й хвіліне пасля розыгрышу прыгожай камбінацыі забіў Аляксандр Карніцкі. Праз 20 хвілін "Дандалк" пасля памылкі барысаўчан зраўняў лік, а за 7 хвілін да заканчэння першага тайма Яўген Яблонскі з дапамогай рыкашэту паставіў пераможную кропку.

Матч у адказ пройдзе 21 ліпеня ў Ірландыі. Для выхаду ў трэці раўнд БАТЭ дастаткова згуляць унічыю або перамагчы.

Але сённяшняя гульня пакідае шмат пытанняў: барысаўчане выглядалі няўпэўненымі, збольшага не валодалі мячом, з цяжкасцю выходзілі з-пад прэсінгу і часам саступалі ў індывідуальных дзеяннях ірландцам. Па заканчэнні матчу галоўны трэнер БАТЭ Аляксандр Ермаковіч адзначыў, што не зусім задаволены дзеяннямі футбалістамі, а ўсё вырашыцца ў гульні ў адказ.

"Цяжкая гульня. Не ўсё атрымалася ў нас, ― сказаў Ермаковіч. ― Але добра, што хоць перамаглі. Зразумела, што ўсё будзе вырашацца ў гульні ў адказ. Як мы і меркавалі, вельмі сур'ёзны сапернік. У прынцыпе, што мы і чакалі, тое і ўбачылі. Мне не зусім спадабаўся першы тайм: не пазнаваў сваіх падапечных. Нейкае хваляванне... Па гульні ёсць шмат пытанняў, ёсць што паляпшаць".

Склад БАТЭ ў сённяшнім матчы: Чэрнік, Дубра, Младэнавіч, Яблонскі, Карніцкі, Жаўнерчык, Мілунавіч, Стасевіч, Бага (заменены на Нікаліча), Гардзяйчук (заменены на Рыаса), Радзівонаў (к).

Фота: nn.by, БЕЛТА

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі