БАТЭ выйграў у "Славіі" ў матчы чэмпіянату Беларусі — 5:3 (відэа)
10 ліпеня матчам у Мазыры стартаваў 14-ы тур.
У пятніцу, 10 ліпеня, стартаваў 14-ы тур чэмпіянату Беларусі па футболе ў вышэйшай лізе. БАТЭ ў Мазыры выйграў у мясцовай "Славіі" з лікам 5:3. Два галы забіў Віталь Радзівонаў (на 39-й і 57-й хвілінах), па адным — Ігар Стасевіч (на 41-й), Аляксандр Карніцкі (на 60-й) і Мікалай Сігневіч (на 74-й). Толькі ў канцы матча гаспадары поля "прачнуліся", пачалі небяспечна атакаваць і забілі тры галы, вызначыліся Дзяніс Трапашка (на 77-й і 90-й) і Давід Чыгоеў (на 79-й хвіліне). Дагэтуль БАТЭ ў 13-ці матчах прапусціў толькі 1 мяч!
Адзначым, што "Славія" праводзіла свой першы матч без форварда Дзяніса Лапцева (найлепшага бамбардзіра першынства краіны, у яго было 9 галоў), які перайшоў у расійскі клуб "Тосна". Да таго ж траўмаваны вопытны паўабаронца Алег Страхановіч.
Выніковая перамога БАТЭ можа толькі радаваць (калі не лічыць правалаў у абароне ў канцы другога тайма і траўмы Дзяніса Палякова). 15 ліпеня барысаўчан чакае матч 2-га кваліфікацыйнага раўнда Лігі чэмпіёнаў з ірландскім "Дандолкам". Ён пройдзе на "Барысаў-Арэне", пачатак у 20.30.
У БАТЭ стала 38 ачкоў, у мінскага "Дынама" 27 і матч у запасе. Астатнія гульні 14-га тура чэмпіянату Беларусі пройдуць 11-12 ліпеня. Каляндар футбольнага чэмпіянату можна паглядзець тут.
Фота з твітара.