Баўмгертнер без інтэрнэта і тэлефона, але глядзіць тэлевізар і чытае газеты

Як паведамляла Еўрарадыё, учора з ім сустракаліся расійскія дыпламаты. Сёння сталі вядомыя новыя падрабязнасці. Паводле слоў кіраўніка консульскага аддзела амбасады Расіі ў Беларусі Ігара Карагіна, Баўмгертнер "не мае магчымасці карыстацца інтэрнэтам, мабільнай сувяззю, у яго няма кампутара, але глядзіць тэлебачанне, атрымлівае расійскую прэсу", інфармуе агенцтва "Интерфакс-Запад". Ці чытае Уладзіслаў Баўмгертнер беларускую прэсу, невядома.
 

Гендырэктар "Уралкалія" па-ранейшаму не скардзіцца на ўмовы ўтрымання. Побач з ім знаходзяцца па чарзе яго бацька ці маці.
 

Нагадаем, Уладзіслава Баўмгертнера затрымалі 26 жніўня ў мінскім аэрапорце пасля сустрэчы з прэм'ерам Міхаілам Мясніковічам. Следчы камітэт Беларусі заявіў, што гендырэктар “Уралкалія” нанёс шкоду нацыянальным інтарэсам Беларусі. Баўмгертнеру было выстаўленае абвінавачанне ва злоўжыванні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі. Следчы камітэт паведаміў, што страты па справе Беларускай калійнай кампаніі ацэньваюцца на 100 млн долараў. Пазней гендырэктару "Уралкалія" ў Беларусі змянілі артыкул абвінавачання, цяпер яго падазраюць у крадзяжы.

Баўмгертнер месяц знаходзіўся ў следчым ізалятары КДБ, а пасля быў пераведзены пад хатні арышт на здымнай кватэры ў Мінску. Матэрыялы па яго справе, перададзеныя ў Расію, склалі 19 тамоў. Запыт аб экстрадыцыі ў Расію гендырэктара "Уралкалія" быў дасланы ў Беларусь у канцы кастрычніка. Інфармацыі пра дату экстрадыцыі пакуль няма.

Фота — ria.ru
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі