Беларусь адкрые два ганаровыя консульствы ў ЗША
Адно з іх будзе знаходзіцца ў штаце Флорыда, іншае — у штаце Тэхас.
Улады Беларусі ўпершыню вырашылі адкрыць два ганаровыя консульствы на тэрыторыі Злучаных Штатаў Амерыкі. Адно з іх будзе дзейнічаць у штаце Флорыда, іншае — у штаце Тэхас. Пра гэта паведамляе РІА "Новости" са спасылкай на беларускага консула ў Флорыдзе Міхаіла Маргуліса.
Паводле яго слоў, адпаведны загад кіраўніка МЗС Беларусі быў падпісаны яшчэ некалькі тыдняў таму. Цяпер рашэнне мусіць зацвердзіць дзярждэпартамент ЗША. Як чакаецца, гэта адбудзецца ў пачатку студзеня 2015 года.
"Мы павінны пастарацца адкрыць Амерыцы Беларусь, пра якую тут мала хто ведае", — кажа Міхаіл Маргуліс. Ён падкрэслівае, што Беларусь — гэта важная краіна, "якая з'яўляецца своеасаблівым мостам паміж Усходам і Захадам".
Пра Маргуліса вядома, што ён даволі даўно жыве ў ЗША, ачольвае фонд "Духоўная дыпламатыя", заснаваны яшчэ ў 1991 годзе. Для збліжэння амерыканскага і беларускага народаў вясной ён плануе арганізаваць паездку ў нашу краіну баскетбалістаў амерыканскай НБА. Таксама Міхаіл Маргуліс мяркуе, што Беларусь можа дапамагчы ў збліжэнні ЗША і Расіі.
Нагадаем, у снежні 2014-га памочнік дзяржсакратара ЗША Вікторыя Нуланд заявіла, што ЗША адкрытыя для паляпшэння адносінаў з Беларуссю, але не адмаўляюцца ад сваіх прэтэнзій і патрабаванняў да беларускага ўрада, перш за ўсё ў праваабарончай галіне.
Фота: АР