Belarus Alternative: рэабілітацыя Neuro Dubel і фак ад Brutto
У Вільні адбыўся першы маштабны фестываль беларускай музыкі, дзе выступалі альтэрнатыўныя і забароненыя гурты.
Першага і другога траўня ў Вільні чарговы беларускі бум. Два дні запар у мясцовай Teatro Arena, ужо добра вядомай беларусам па сольным канцэрце Лявона Вольскага, грыміць першы фэст Belarus Alternative. На сцэне — Neuro Dubel, Brutto, “Серебряная Свадьба”, Pomidor/Off, Pukstband, Super Besse і літоўскія зоркі Skyle.
“У першую чаргу, вельмі цікава паглядзець: радуемся, што такія рэчы адбываюцца і ў нас у Вільні, — кажа Вітаўтас, якому на выгляд пад 50, і ён тусіць у клубе разам са сваімі сябрамі. — Другое і, магчыма, самае галоўнае, мы прыйшлі падтрымаць брацкі беларускі народ, падтрымаць ідэю свабоды гэтага народа, ну, і трэцяе, не сакрэт, паглядзець на наш гурт Skyle”.
Квіткі на віленскі цягнік традыцыйна заканчваюцца за месяц да фэсту. У гатэлях застаюцца самыя дарагія нумары. На мяжы ўтвараюцца звыклыя кіламетровыя чэргі. Няўжо беларусы такія аматары музыкі і такія адданыя фэны, якія дзеля любімых гуртоў гатовыя ахвяраваць уласным камфортам? Вось Ганну, маю спадарожніцу па аўтобусе ў Вільню кліча перш за ўсё ідэя еднасці нашай нацыі, хоць, калі шчыра, едзе яна ў тым ліку і паглядзець на Brutto, які ўпершыню грае вялікі канцэрт для беларусаў:
“Да Brutto я стаўлюся даволі спакойна, хоць і з павагай, таму што спадар Міхалок можа сабе дазволіць гуляцца як ён захоча — я гэта цаню і заўсёды яго падтрымаю. Але перш-наперш для мяне канцэрт у Вільні — гэта яднанне духу сваіх людзей, якое я, на жаль, не адчуваю у Мінску. Апошні раз у Мінску такое было ў 2010 годзе, калі была Плошча, вельмі шмат людзей, і там была сапраўды еднасць са сваім народам. А тут — Вільня, бел-чырвона-белыя сцягі, вялікая колькасць аднадумцаў — гэта дае веру ў будучыню нашай краіны”.
Але не ўсе фэны Міхалка, як аказваецца, прыхільнікі беларускай ідэі. Высокі брунет у курылцы, назіраючы за групавымі сэлфі з беларускім нацыянальным сцягам, прызнаецца, што перажыў гэтае “вар'яцтва” і што цяпер яму бліжэйшы сцяг колеру яго курткі (чырвоны). Яшчэ адна дзяўчына з нашага турыстычнага аўтобуса не верыць у шчырасць публікі ў Teatro Arena, а яе 18-гадовая сяброўка, якая ўпершыню ўбачыла людзей у вышыванках, раздражнёна распавядае пра “кучу народу з фашысцкай свастыкай на майках” і з “гэтымі апазіцыйнымі сцягамі”.
У аўтобусе разгараецца спрэчка:
— Калі зрабіць такі канцэрт з тымі ж гуртамі ў Беларусі, на яго не прыйдзе столькі людзей, колькі мы бачым сёння. Я хачу ўбачыць тут чалавека, які назаве мне любімую песню Памідорава. Палова сённяшняй публікі не разумее, куды яны прыйшлі! — настойвае адна дзяўчына.
— Ну як гэта – ехаць у Вільню і не разумець, куды яны прыйшлі? — абураецца яе суседка.
— Калі я хадзіла ў амбасаду, я бачыла столькі людзей, якія не мелі ніякага паняцця, што такое Belarus Alternative-2015! Яны проста набывалі квіткі па 400 тысяч(!) з-за візы.
— То бок, ты лічыш, што 50 адсоткаў з тых, хто падаваўся на візу, гэта людзі, якія паехалі ў выніку ў Akropolis, і ім гэты канцэрт да аднаго месца?.
— Так. І Калі б правялі нейкі маніторынг, арганізатары б убачылі, што яно так і ёсць.
— Мне падаецца, што калі б такі фэст праходзіў у Мінску, на яго пайшлі б іншыя людзі, але ўсё адно было б столькі ж народу, нават яшчэ больш, — падключаецца да размовы яшчэ адна дзяўчына.
— Ну тады грош цана нашай свядомасці, нашай культуры, беларускай нацыі і ўсяму астатняму. Атрымліваецца, што гатовыя нешта адстойваць і сябе спазнаваць толькі 2 адсоткі насельніцтва. Ладна, пяць. Віншую вас з гэтым!
Тым не менш, у арэне аншлаг. Публіка арганізавана прыходзіць да пачатаку канцэрта і вельмі цёпла ўспрымае дуэт літоўцаў Skyle і Аляксандра Памідорава, якія спяваюць па-беларуску песню віленскага гурта з апошняга альбома “Браты”. На сярэдзіне экспрэсіўнага сэта гурта Pomidor/Off пачынаецца раздзяленне: стомленыя вандроўкамі па сонечнай Вільні і славутых гандлёвых цэнтрах беларусы займаюць падлогу ў фае клуба і ціха чакаюць выступу “сваіх” гуртоў.
Галёрка (сядзячая частка залы) ўвогуле не ўстае, нават калі Neuro Dubel грае забойны “рэабілітацыйны” сэт, і калі з’яўляюцца спяваючыя качкі з Brutto:
— Кто мы?
— Brutto!
— Что мы хотим?
— Чтоб было круто!
Некалькі разоў Міхалок і кампанія скандуюць свае новыя крычалкі.
— Спасибо черти, Brutto с вами до самой смерти!
Дзеянне на сцэне пачынае нагадваць КВЗ. Фэны хутка адаптоўваюцца, хорам спяваюць новыя песні Міхалка, з азартам успрымаюць “пасланне” з песні “Adidas”, даходзяць да экстазу пад “Воины света” і разбягаюцца перад бісам за курткамі. І толькі самыя адданыя стаяць пад сцэнай да канца.
Міхалок і кампанія “заходзяць” тым, хто ад пачатку падтрымлівае новыя памкненні былога “Ляпіса”, і расчароўваюць тых, хто не можа абысціся без параўнанняў: маўляў, карцінка прыгожая, але змест хацелася б падкарэктаваць. Песні “Ляпіса Трубяцкога” у выкананні Brutto губляюць сваё першапачатковае хараство, вакалісты не дацягваюць, гурт не гучыць і выпраменьвае занадта шмат пафасу. Але спрачацца тут можна гадзінамі, разважаючы пра тое, што песні могуць раскрыцца з іншага боку, пафас бывае дарэчным, а “брутаўскі” Лэфт, адзін з вакалістаў, насамрэч проста “красава”.
“Гэта здаровы лад жыцця і духоўнае ўдасканальванне”, — тлумачыць нам сэнс Brutto сціплы юнак, абгорнуты сцягам. А бадзёрыя спартыўнага целаскладу мінчане дадаюць:
“Мы прыехалі патанчыць: добры танец “па забароненых гуртах” — гэта заўсёды добра. Зразумела, мы ў першую чаргу прыехалі на Brutto — Сярожу паслухаць і сябе паказаць. Гэта даволі някепскі гурт. Міхалок апусціўся да ўзроўню хардкорчыка, пад які можна патанчыць і пабухаць. Чым прасцей, тым лепш!”
Пасля канцэрта аўтобус выпраўляецца ў бок Мінску. “Вільня — гэта ўсё ж наша акно ў Еўропу. Крамы крамамі. Канцэрт канцэртам. Але мы бачым, як можна жыць. Мы па любому робімся лепшымі”, — з такім рэзюмэ наш аўтобус рыхтуецца да штурму Duty Free.
Больш фота з першага дня фэсту глядзіце тут.