Беларусь атрымала кампенсацыю за перанесены чэмпіянат свету па хакеі — Баскаў
Дзмітрый Баскаў / pressball.by
Беларусь атрымала ад Міжнароднай федэрацыі хакея (IIHF) кампенсацыю за перанесены з Мінска чэмпіянат свету, расказаў старшыня Федэрацыі хакея Беларусі Дзмітрый Баскаў у эфіры тэлеканала СТБ.
Сродкаў хапіла, каб пакрыць "усе грошы ў бюджэт, затрачаныя на падрыхтоўку да чэмпіянату. Плюс пакінулі нават нейкія грошы на развіццё хакея ў нашай краіне", сказаў ён. Пры гэтым суму кампенсацыі Баскаў не назваў.
Ён лічыць, што ад пераносу чэмпіянату з Мінска страцілі ўсе, у тым ліку латвійцы. Па словах Баскава, Рызе давялося няпроста.
"Яны літаральна за дзень да пачатку чэмпіянату здалі трэніровачную пляцоўку. Сёння адчуваюць кучу складанасцяў па пераездзе хакеістаў з адной арэны на іншую. Яны ў мокрай вопратцы перамяшчаюцца там. Куча ўсякіх абмежаванняў кавідных", — патлумачыў свой пункт гледжання старшыня Федэрацыі хакея Беларусі.
У студзені 2021 года IIHF прыняла рашэнне не праводзіць у Мінску матчы чэмпіянату свету. Такое рашэнне было прынятае "праз пытанні бяспекі, якія знаходзяцца па-за кантролем IIHF". Перад гэтым шэраг спонсараў заявіў пра гатоўнасць адмовіцца ад супрацоўніцтва з турнірам, калі чэмпіянат пройдзе ў Мінску. Сваё рашэнне яны тлумачылі палітыкай беларускіх уладаў у дачыненні да мірных грамадзян пасля прэзідэнцкіх выбараў.
Акрамя таго, кіраўнік Федэрацыі хакея Беларусі Дзмітрый Баскаў у снежні трапіў пад часовыя санкцыі Міжнароднага алімпійскага камітэта і быў адхілены ад Алімпійскіх гульняў і ўсіх мерапрыемстваў МАК. Такое рашэнне прымалася ў тым ліку "з улікам канкрэтных абвінавачванняў, вылучаных супраць яго". Маецца на ўвазе смерць Рамана Бандарэнкі, які памёр ад траўмаў, якія атрымаў пасля затрымання ў двары на "Плошчы Перамен". Баскава падазраюць у тым, што ён быў у групе невядомых, якія затрымлівалі Бандарэнку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.