Беларус Бачарнікаў выйграў суперспрынт на чэмпіянаце Еўропы па біятлоне
Першым пераможцам на чэмпіянаце Еўропы па біятлоне стаў беларус Сяргей Бачарнікаў.
Турнір праходзіць у спарткомплексе "Раўбічы" пад Мінскам. У Беларусь ён быў перанесены з Эстоніі, дзе сёлета не выпаў снег.
У суперспрынце Бачарнікаў прайшоў дыстанцыю за 14 хвілінаў 12,8 секунды (0+2). Другое месца заняў Адам Вацлавек з Чэхіі (адставанне ад лідара на 0,4 секунды, 0+3). На трэцім месцы апынуўся ўкраінец Дзмітрый Підручны (адставанне 0,5 секунды, 1+2).
Агулам у гонцы ўдзельнічалі 30 біятланістаў. Акрамя Бачарнікава нашу краіну прадстаўлялі Віктар Крыўко (10-е месца) і Антон Смольскі (11).
27 лютага на чэмпіянаце пройдуць супермікст і змяшаная эстафета.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.