Беларусь далучылася да дня жалобы ў Расіі
Аляксандр Лукашэнка выказаў спачуванне расійскаму прэзідэнту Уладзіміру Пуціну з нагоды гібелі 92 чалавек, якія ляцелі ў самалёце ТУ-154.
"Пачуццё смутку і спачування ахапіла сёння нашу краіну - паведамленне пра крушэнне самалёта ТУ-154, які рухаўся з Сочы ў Сірыю, не пакінула абыякавым ніводнага беларуса. Гэтая трагедыя — наш агульны боль, і Беларусь сёння смуткуе разам з Расіяй. У гэтую цяжкую хвіліну мы побач, цалкам падзяляючы гэта страшнае гора", — цытуе прэс-служба беларускага кіраўніка словы спачування.
Лукашэнка таксама выказаў глыбокія спачуванні ўсяму расійскаму народу, родным і блізкім загінуўшых.
У Расіі сённяшні панядзелак абвешчаны днём жалобы. Нашая дзяржава таксама далучылася да жалобы. 26 снежня паводле даручэння кіраўніка Беларусі над будынкамі рэзідэнцыі прэзідэнта і іншых дзяржустаноў па ўсёй краіне будуць прыспушчаныя дзяржаўныя сцягі. Гэта робіцца на знак салідарнасці і смутку з авіякатастрофай у Расіі.
Таксама ў Беларусі абмяжуюць правядзенне і трансляцыю забаўляльных мерапрыемстваў і праграм. Тэле- і радыёканалам рэкамендавана ўлічыць гэта пры фармаванні эфіру.