Беларусь і Расія запланавалі сумесныя вучэнні "Захад-2025"
Масква чакае, што беларусы гатовыя "выконваць сумесныя задачы на высокім узроўні"
Беларусь і Расія запланавалі сумесныя вучэнні "Захад-2025". Анансаваў іх міністр абароны РБ Віктар Хрэнін. У сераду ён сустракаўся ў Мінску з расійскім міністрам абароны Андрэем Белавусавым. Яны ўдзельнічалі ў пасяджэнні сумеснай калегіі Міністэрстваў абароны Беларусі і Расіі. На ім і быў ухвалены сцэнар сумеснага стратэгічнага вучэння. Паводле слоў Хрэніна, яно стане "галоўным мерапрыемствам сумеснай падрыхтоўкі войскаў у будучым годзе".
Дату вучэнняў міністр абароны не назваў. Віктар Хрэнін падкрэсліў, што яго ўдзельнікі павінны "прадэманстраваць здольнасць і гатоўнасць выконваць сумесныя задачы на высокім узроўні". Апошні раз маштабныя вучэнні "Захад" праходзілі ў 2021 годзе. Мяркуецца, што Расія іх выкарыстала як прыкрыццё для нападу на Украіну ў лютым 2022-га. Вось і Аляксандр Лукашэнка 23 кастрычніка ў інтэрв'ю "Бі-Бі-Сі" схлусіў, што тады Уладзімір Пуцін "міма мяжы з Украінай... пачаў вывад войскаў [з вучэнняў у РФ]" і частку з іх "у нейкі перыяд (справакавалі, я ў гэтым перакананы) ён павярнуў на Кіеў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.