Беларус і расіянін вырошчвалі марыхуану з дапамогай высокіх тэхналогій
Догляд наркаплантацыі адбываўся цалкам аўтаматычна з магчымасцю кіравання праз інтэрнэт.
У Падмаскоўі мясцовая паліцыя затрымала расіяніна і беларуса, якія вырошчвалі марыхуану з выкарыстаннем сучаснага высокаякаснага абсталявання. Як перадае interfax.by, у рукі праваахоўнікам трапілі 30-гадовы расіянін, раней судзімы за незаконны абарот наркатычных сродкаў, і беспрацоўны 32-гадовы грамадзянін Беларусі.
Аднаго з іх затрымалі на выездзе з наркаплантацыі з чарговай буйной партыяй наркотыку. Паведамляецца, што ў аўтамабілі з беларускімі нумарамі ён вёз чатыры мяхі марыхуаны, падрыхтаванай для продажу.
Наркалабараторыю мужчыны арганізавалі ў двух загарадных дамах. Праваахоўнікі знайшлі там прыкладна 2000 падрыхтаваных месцаў для культывавання марыхуаны, а таксама канфіскавалі восем мяхоў з марыхуанай вагой 15 кг.
Па звестках расійскай паліцыі, наркаплантацыі былі абсталяваныя высокатэхналагічнай дарагой апаратурай вядучых еўрапейскіх фірмаў. За аптымальнымі ўмовамі для росту марыхуаны наркадзялкі наглядалі аўтаматычна, кіруючы абсталяваннем праз інтэрнэт. Яны ўжывалі толькі імпартнае насенне, ўгнаенні, а грунты атрымоўвалі з Еўропы.
Для канспірацыі выкарыстоўваліся спецыяльныя аэразолі, якія дазваляюць знішчыць пах марыхуаны. Сама лабараторыя абслугоўвалася аўтаномным генератарам, што дазваляла не прыцягваць увагу высокім спажываннем электраэнергіі.
Фота: fagma.com