Беларусь купіць у Расіі знішчальнікі Су-30СМ
Беларусь купіць у Расіі партыю знішчальнікаў Су-30СМ. Краіны заключылі адпаведны кантракт. Пра гэта ТАСС паведаміў дырэктар Федэральнай службы па ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве Дзмітрый Шугаеў. Паводле яго слоў, рэалізацыя кантракту “будзе ісці паэтапна, у адпаведнасці з устаноўленымі тэрмінамі”. Колькі самалётаў будзе пастаўлена, пакуль невядома.
Раней пра планы купіць у Расіі знішчальнікі Су-30СМ заявіў камандуючы Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Узброеных сіл Беларусі генерал-маёр Алег Дзвігалёў. Ён таксама распавёў пра планы набыць яшчэ адну партыю вучэбна-баявых самалётаў Як-130.
Вядома, што Су-30СМ — звышманеўраны знішчальнік. Ён здольны выкарыстаць сучаснае і высокадакладнае ўзбраенне класу “паветра-паветра” і ”паветра-паверхня”. Самалёт прызначаны для блакавання аэрадромаў праціўніка на вялікай глыбіні, для знішчэння марскіх, паветраных і наземных аб’ектаў у любы час сутак і пры любых умовах надвор’я.