Беларусь купляе за мяжой крапіву і бярозавыя пупышкі
Крапіва / pexels.com
Беларусь закупляе за мяжой для лекавых мэтаў крапіву, бярозавыя пупышкі, святаяннік ды іншыя расліны. Пра гэта ў інтэрв'ю тэлерадыёкампаніі "Гомель" расказаў супрацоўнік Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі Алег Маслоўскі.
Па яго словах, на экспарце дзікарослых раслін Беларусь магла б добра зарабляць: "Гэта мільярдныя валютныя паступленні за кошт пісьменнага і рацыянальнага выкарыстання лекавых раслін".
У нарыхтоўчых арганізацыях тлумачаць, што сушаную крапіву прымаюць максімум па 5 рублёў за кілаграм, прычым усушка ў яе вельмі вялікая. А каб сабраць бярозавыя пупышкі ў камерцыйных маштабах, трэба даведвацца ў лясгасах, дзе плануецца пусціць пад высечку бярозы. Такім чынам, нарыхтоўка лекавых раслін становіцца ці эканамічна нявыгаднай, ці празмерна складанай.
Дарэчы, у Беларусі выкарыстоўваецца каля 270 відаў лекавых раслін. Больш за тры чвэрці лекавай сыравіны нарыхтоўваюць з дзікарослых раслін.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.