Беларусь плануе закупіць у Расіі новую мадэль аўтамата Калашнікава

АК-12 / фота прэс-службы Міністэрства абароны Расіі​
АК-12 / фота прэс-службы Міністэрства абароны Расіі​

Беларусь плануе купіць пробную партыю новых расійскіх аўтаматаў АК-12, паведамілі на міжнароднай збройнай выставе IDEX-2021 прадстаўнікі канцэрна "Калашнікаў", паведамляе РІА "Новости". Выстава праходзіць ў сталіцы Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў.

Аўтаматы АК-12 пачалі паступаць у расійскія войскі ў 2018 годзе. Падчас эксплуатацыі зброю карэктавалі — мянялі прыклад (ён стаў больш эрганамічны, палегчаны і рэгуляваны па даўжыні) і рукаятку кіравання агнём, удасканалілі прыцэл. З нядаўняга часу вытворца пачаў прапаноўваць АК-12 на экспарт.

"Праз тое, што ў АК-12 выкарыстоўваецца патрон калібра 5,45 на 39 мм, цікавасць да яго праяўляюць тыя краіны блізкага замежжа, дзе гэты калібр стаіць на ўзбраенні", — расказалі ў канцэрне.

Невялікія партыі ўжо прададзеныя ў Казахстан і Арменію.

"Цяпер цікавасць у набыцці невялікай партыі для выпрабаванняў праяўляе Беларусь", — адзначылі ў канцэрне.

Аўтамат мае прыцэльную далёкасць 800 метраў і магазін ёмістасцю 30 патронаў. АК-12 таксама абсталяваны планкамі Пікаціні для рознага навяснога абсталявання, мае павышаны рэсурс ствала і палепшаную кучнасць стральбы.

У Беларусі ў цяперашні час на ўзбраенні стаіць АК-74 і яго мадэрнізаваныя версіі. З адным з такіх версій АК-74 — складным АКС-74 — мінулым летам выходзіў да сілавікоў, што ахоўвалі Палац незалежнасці, Аляксандр Лукашэнка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі