Беларусь просіць у ЕС дапамогу на 500 млн долараў
Беларусь разлічвае, што Еўрасаюз выдасць макрафінансавую дапамогу на 500 мільёнаў долараў. Паводле інфармацыі БелаПАН, у кастрычніку Беларусь перадала адпаведную просьбу прадстаўнікам Еўрапейскай камісіі.
Эксперты, знаёмыя з працэсам перамоваў, паведамляюць, што Еўракамісія гатовая выдаць Беларусі тэхнічную дапамогу для структурных рэформаў эканомікі і падтрымкі па пытанні ўступлення краіны ў Сусветную гандлёвую арганізацыю.
Еўрасаюз, паводле звестак крыніцаў, будзе разглядаць пытанне пра выдачу макрафінансавай дапамогі Беларусі з улікам палітычных фактараў, у тым ліку захавання правоў чалавека.
Макрафінансавая дапамога ЕС выдаецца краінам індывідуальна. Яе задача — падтрымаць канкрэтную дзяржаву на перыяд эканамічных пераўтварэнняў і структурных рэформаў. Макрафінансавая дапамога — гэта толькі дадатак да крэдытнай праграмы, якую падтрымае Міжнародны валютны фонд.