Беларусь у садавіне з Малдовы пладажэркі не знаходзіла
А Расія, нібыта праз гэтага шкодніка, забараніла малдаўскія фрукты.
Малдова ратыфікуе ўгоду аб асацыяцыі з Еўрасаюзам 2 ліпеня. А 9 ліпеня ў малдаўскіх абрыкосах расіяне знаходзяць усходнюю пладажэрку і вяртаюць пастаўшчыку 17 тон садавіны. 21 ліпеня Масква ўводзіць абмежаванне на малдаўскія фрукты. Прычына — не пагадненне з ЕС, а выключна пладажэрка.
Цікава, што у ліпені Расія вярнула 23 тоны абрыкосаў Кітаю і 16,2 тоны Узбекістану, але абмежаванні толькі Малдове.
Калі пладажэркі ў малдаўскіх фруктах так шмат, яна магла прасачыцца і на беларускі рынак з Малдовы. У Галоўнай дзяржаўнай інспекцыі па семенаводстве, каранціне і абароне раслін пра пладажэрку ў садавіне з Малдовы не ведаюць.
"У мяне няма фактаў, якія б пацвярджалі выяўленне. Расія ёсць Расія, яны незалежна ад нас абследуюць".
У Гомельскім упраўленні інспекцыі таксама ўсходняй пладажэркі ў садавіне з Малдовы не знаходзілі. Можа быць, нашы інспектары не ўсё правяраюць?
"Не паўсюль лабараторны аналіз праводзіцца, але даследуюцца усе партыі, якія паступаюць", — кажуць у інспекцыі, так што праскочыць незаўважанай пладажэрка не магла.
У Дзяржаўнай інспекцыі па каранціне кажуць, што ў нас пладажэркі з Малдовы не было. Хаця нашы інспектары правяраюць увесь тавар на мяжы.
"Напрыклад, бярэм такую сітуацыю, калі пладажэрка там ёсць. Фармуюць партыю для адпраўкі, у нейкую трапіў выпадкова заражаны фрукт, і інспектар, які афармляў дакументы ў Рэспубліцы Малдова, не заўважыў гэтага. А ў нейкую партыю фрукт не трапіў. Таксама аб'ёмы паступлення ў Расію большыя, чым да нас. Калі адгружана тысяча тон, імавернасць трапляння ўсходняй пладажэркі большая, чым калі адгружана сто тон", — тлумачыць у інспекцыі.
За першыя паўгода на мяжы інспектары праверылі 916 тысяч тон прадуктаў і 1,6 мільёна тон транзітных грузаў. Выявілі 4 віды каранціну ў 18 выпадках (274 тоны прадукцыі) і 8 відаў каранціну ў 349 выпадках транзітных грузаў (6,7 тысяч тон). У садавіне знайшлі таматную моль, каліфарнійскую шчытоўку ды іншых шкоднікаў, але усходняй пладажэркі сярод іх няма.