Беларус ва Украіне: "Калі ўсе прамаўчаць, гэтую ганьбу будзе не змыць"
Мітынг супраць вайны / sota
Ні беларусы, ні расіяне не змыюць ганьбу, калі прамаўчаць і не выкажуцца супраць вайны. Гэта словы беларуса Яўгена Алейніка. Гэтай раніцай ён запісаў для нас відэазварот — Жэня ўжо больш за год жыве ва Украіне.
Цяпер ён знаходзіцца ў Ірпені, у Кіеўскай вобласці, недалёка ад аэрадрома Гастомель, за які шмат гадзін запар ішлі баі.
"Не выходзьце самі, калі гонару няма — але дайце выйсці людзям!"
Яшчэ колькі гадоў таму Яўген працаваў журналістам у Беларусі, у яго былі падзячныя ўзнагароды ад МУС. Цяпер ён хоча, каб тыя, ад чыйго імя яму ўручалі ўзнагароды, пачулі яго зварот:
— Я хачу звярнуцца ў першую чаргу да тых, хто 23 лютага выстаўляў свае фатаграфіі ў вайсковай форме, віншаваў сябе з Днём абаронцы Айчыны. <...> Не маўчыце, зрабіце хоць нешта, выйдзіце на вуліцы!
Я хачу спытаць у Караева: Юрый Хаджымуратавіч, на <...> ты свой крапавы берэт абараняў? Што ты цяпер абараняеш? Барсукоў! У цябе таксама крапавы берэт, што ты абараняеш? Балаба! Ты хочаш, каб твае дзеці з АМАПа ваявалі, каб у Кіеў прыехалі, каб у магілах іх адсюль вывезлі?
Не выходзьце на вуліцы, раз у саміх ні кроплі гонару не засталося. Але дайце людзям выйсці!
Калі Жэня запісваў гэты зварот, у яго за спінай была магіла невядомага салдата, які загінуў у Вялікай Айчыннай вайне.
"Гэта не таму, што вы рускі, а ён украінец"
Ва Украіне кожную раніцу па тэлевізары гучыць разам з гімнам песня "Свяшчэнная вайна". Перыядычна Жэня спісваецца са сваім сябрам Віцем, які цяпер змагаецца пад Чарнігавам. Ён вайсковец. Перыядычна Віця адказвае Жэню, што ў яго ўсё ў парадку.
Яўген пераехаў у Кіеў у 2020 годзе. Яго жонка — украінка. Два гады яны сустракаліся на адлегласці. Пераезд быў у планах, але падзеі 2020 года яго паскорылі. У жніўні яго затрымалі.
— Пасля нетрывіяльных намёкаў ад знаёмых з МУС пераехаць давялося трохі хутчэй.
Акрамя фота з узнагародамі ад МУС у сацсетках у Яўгена ёсць фатаграфіі са сваякамі, якія ваявалі. Напрыклад, са стрыечным дзедам Мікалаем Данілавічам Драпачкам. Ён дайшоў да Берліна. Ён выхоўваў Жэню.
Адным словам, Жэня добра ведае, што такое памяць пра Вялікую Айчынную вайну. А тым, хто, апелюючы да гэтай памяці, апраўдвае іншую вайну, Жэня адказвае так:
— Калі вы дадому ўрываецеся да суседа, забіраеце ў яго пакой і ён вас потым пачынае ненавідзець, гэта не таму, што вы рускі, а ён украінец. А таму, што вы робіце як падонак, і няма ў гэтым ніякай расавай нянавісці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.