Беларусь выключыла віцэ-спікера Вярхоўнай Рады Украіны з "чорнага спісу"
Напярэдадні чарговага раўнду перамоваў па сітуацыі на Данбасе Беларусь выключыла віцэ-спікера Вярхоўнай Ралды Украіны Ірыну Герашчанку са спісу неўязных, паведамляе lb.ua.
Герашчанка афіцыйна прадстаўляе Украіну ў складзе Трохбаковай кантактнай групе. Наступная сустрэча групы павінна адбыцца 1 чэрвеня.
Пра змены ў сваім статусе Герашчанка паведаміла ў сацсетках: "Напярэдадні чарговай сустрэчы ў Мінску, якая запланаваная на 1 чэрвеня, атрымала вось такую інфармацыю. Вядома, маглі б і папрасіць прабачэння перад віцэ-спікерам украінскага парламента, але там такое, на іх дыпламатычным сумленні хай застаецца".
Як паведамлялася раней, Герашчанка была ўнесеная ў спіс неўязных у Расіі ў сакавіку 2016 года, калі яна спрабавала прыехаць на суд над Надзеяй Саўчанка. Калі ж віцэ-спікер Вярхоўнай Рады паехала на перамовы ў Беларусь, то таксама сутыкнулася з цяжкасцямі: Беларусь і Расія аб'ядналі базы непажаданых асобаў. Урэшце гэтую праблему ўдалося вырашыць, і Герашчанка пусцілі на тэрыторыю Беларусі, але толькі да 25 траўня. Цяпер беларускі бок зняў і гэтае абмежаванне.