Беларусь заклікаюць выконваць абавязацельствы ў рамках ААН і АБСЕ
"Сёння дыпламатам краін ЕС не ўдалося атрымаць доступ у залу суда, дзе групу студэнтаў і выкладчыкаў павінны былі судзіць за пратэст супраць фальсіфікацый на выбарах прэзідэнта Беларусі ў жніўні 2020 года", — паведамляе ў Facebook прэс-служба Прадстаўніцтва Еўрасаюза ў нашай краіне. Крымінальную справу ў пятніцу пачалі разглядаць у Кастрычніцкім судзе Мінска (у Доме правасуддзя). Па "Справе студэнтаў" праходзіць 12 чалавек. На пасяджэнне не трапілі і журналісты недзяржаўных СМІ. Міліцыя затрымала каля суда 14 чалавек.
Дыпламатычныя місіі краін ЕС нагадваюць, што "маюць міжнародна прызнанае права ў адпаведнасці з Венскай канвенцыяй аб дыпламатычных зносінах cачыць за развіццём ключавых падзей у краінах, у якіх яны працуюць". У тым ліку і "за ходам значных судовых пасяджэнняў". У заяве адзначаецца, што "празрыстасць дзейнасці судоў у Беларусі замацавана законам, каб забяспечыць фундаментальнае права ўсіх затрыманых на незалежны і справядлівы суд".
"Мы заклікаем Беларусь выконваць свае міжнародныя абавязацельствы і абавязацельствы ў рамках ААН і АБСЕ, і забяспечыць захаванне правоў чалавека і асноўных свабод. У тым ліку ў адпаведнасці з Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, — гаворыцца ў заяве.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.