Беларусь застанецца без унікальных лекаў пры забароне імпарту з Германіі
14% імпартных лекаў прывозяцца з Германіі / Еўрарадыё
Нядаўна Аляксандр Лукашэнка заявіў, што пастаўкі і транзіт прадукцыі з Германіі трэба абмежаваць.
— Першае: на беларускі рынак — ні кроку, другое: праз Беларусь — таксама ні кроку, — заявіў Лукашэнка на нарадзе аб супрацьдзеянні санкцыям.
Еўрарадыё высветліла, як паўплывае на фармгаліну спыненне гандлёвых адносін з Германіяй.
За першыя чатыры месяцы 2021 года Беларусь імпартавала лекаў з Германіі на $38,2 млн. Гэта 14% ад усяго імпарту па гэтай пазіцыі. Германія — другі па велічыні пастаўшчык фармацэўтычнай прадукцыі ў Беларусь.
Па словах прадстаўніка сеткі аптэк "Лігматон", беларуская фармпрамысловасць замяняе вялікую наменклатуру замежных лекавых сродкаў. Аднак яны не адносяцца да высокатэхналагічных прэпаратаў.
— Ёсць такія кантракты, як з "Мерк Серано". Яны вырабляюць высокатэхналагічныя прэпараты. Напрыклад, якія выкарыстоўваюцца для экстракарпаральнага апладнення жанчын. Лячэнне бясплоднасці. Гэта фактычна адзіны завод у свеце, які робіць такое.
Ёсць і іншыя прэпараты, так, яны дарагія, але такія заводы адзінкавыя, гэта значыць працуюць на ўвесь свет, а не толькі на Германію, — расказваюць у "Лігматон".
У кампаніі "Камфарм" кажуць, што эксклюзіўных прэпаратаў з Германіі ў Беларусь не пастаўляюць.
— Але папраўдзе ёсць прэпараты, якія важныя. Хтосьці возіць прэпараты ад кашлю, хтосьці больш сур'ёзныя прэпараты для лячэння анкалагічных захворванняў, кардыялагічную групу, ад цукровага дыябету.
Прадстаўнік "Медфармінвест" таксама адзначае, што беларускія прадпрыемствы не могуць замяніць увесь імпарт з Германіі.
— Вельмі крытычныя пастаўкі з Германіі, асабліва такіх заводаў, як "Берлін-Хемі" або "Баер". Вядома, гэта пастаўкі не звычайнага парацэтамолу. Гэта ў тым ліку кардыялогія, анкалогія, — кажа суразмоўца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.