Беларусь зноў далучаецца да акцыі “Гадзіна Зямлі”
Міжнародная акцыя “Гадзіна Зямлі” пройдзе сёння, 19 сакавіка. Яе мэта — прыцягнуць увагу да праблемы змянення клімату і паказаць, як важны ўнёсак кожнага чалавека ў справу захавання рэсурсаў планеты.
У акцыі ўдзельнічаюць болей за 7 тысяч гарадоў свету, сярод якіх і беларускія: Мінск, Віцебск, Гродна, Гомель, Брэст, Баранавічы, Пінск, Браслаў, Чавусы. Таксама ў акцыі прымуць удзел шэраг беларускіх ведамстваў і арганізацыяў энергетычнай сферы.
Далучыцца да “Гадзіны Зямлі” можа і кожны жыхар краіны. Для гэтага трэба на адну гадзіну з 20.30 да 21.30 выключыць святло, а таксама непатрэбныя электрапрыборы дома і ў офісе.
У Мінску на адну гадзіну згасне падсветка праспектаў Незалежнасці і Пераможцаў, агні Нацыянальнай бібліятэкі, падсветка на будынках гандлёвых цэнтраў, універсітэтаў і кавярняў.
“Гадзіну Зямлі” ў Беларусі штогод адзначаюць з 2009 года. Толькі ў 2015 годзе за час акцыі было зэканомлена 100 тысяч кВт.гдз, што адпавядае ўзроўню энергаспажывання Мінскага трактарнага завода ў гадзіны максімуму беларускай энергасістэмы, паведамляе прэс-служба Міністэрства энергетыкі.