Беларуса, абвінавачанага ў падрыве цягнікоў у тунэлі БАМ, этапуюць у Іркуцк
Сяргей Ерамееў на судзе ў Омску
Беларуса Сяргея Ерамеева, якога вінавацяць у падрыве цягнікоў у Бураціі, этапуюць у Іркуцк, паведамляе расійскі тэлеграм-канал Baza.
Ерамеева затрымалі ў Омску, дзе ён і знаходзіўся да апоўняга часу.
Таксама Baza піша пра ператрусы ў знаёмых Ерамеева, якія правялі спецслужбы Беларусі. Раней пра прыкладна 20 затрыманых у Беларусі паведамлялі праваабаронцы.
У канцы лістапада ў Бураціі здарыліся пажары двух цягнікоў з палівам, адбыліся выбухі. Чыгуначны рух быў спынены. Інцыдэнты кваліфікавалі як тэракт.
7 снежня ФСБ Расіі заявіла, што па падазрэнні ў тэракце затрымалі грамадзяніна Беларусі, які нібыта даў прызнальныя паказанні. Гаварылася, нібыта ён працаваў пад кантролем украінскіх спецслужбаў.
Пазней выявілася, што гэта 52-гадовы Сяргей Ерамееў, былы супрацоўнік наваполацкага "Нафтана". Ён удзельнічаў у страйку ў 2020 годзе і быў звольнены з палітычных матываў. Пасля гэтага мужчына перабраўся ў Расію.
Суд арыштаваў беларуса да 30 студзеня 2024 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.