Беларуса, які кідаў "кактэйлі Молатава" ў каралеўскі палац у Осла, асудзілі

Каралеўскі палац у Осла

Каралеўскі палац у Осла / tv2.no

Шэсць месяцаў турмы прысудзілі беларусу, які 8 ліпеня 2024 года кінуў у каралеўскі палац у Осла дзве бутэлькі з запальнай сумессю. Пра гэта піша сайт "Беларусь і свет", спасылаючыся на нарвежскія СМІ.

Бок абвінавачвання прасіў для 50-гадовага беларуса восем месяцаў пазбаўлення волі, адвакат настойваў на 120 днях. Акруговы суд Осла ўлічыў слабое здароўе мужчыны і той факт, што ён перасоўваецца ў інвалідным вазку. Разам з тым суд адзначыў сур'ёзнасць яго правапарушэння.

На працэсе мужчына заявіў, што ў роспачы хацеў прыцягнуць увагу да несправядлівасцяў, якія зазнаў, асабліва ў цэнтры прыёму бежанцаў у Нідэрландах. Таксама ён адчаяўся, што не можа вярнуцца ва Украіну, дзе пражываў раней.

Беларус прызнаў сябе вінаватым, пагадзіўся з прысудам і папрасіў прабачэння ў жыхароў Осла і Нарвегіі. Ён паведаміў, што не хацеў закрануць нічые пачуцці.

Як расказвала Еўрарадыё, 8 ліпеня мужчына на інвалідным вазку кінуў два "кактэйлі Молатава" ў будынак каралеўскай рэзідэнцыі. Ад гэтага загарэліся дзверы ў задняй частцы будынка. Пры здарэнні ніхто не пацярпеў, бо агонь змаглі хутка патушыць.

Паведамлялася, што беларус прыехаў у Нарвегію нелегальна за тыдзень да здарэння. У краіне ў яго няма ні сям'і, ні працы. Паводле адваката, мужчына заблытаўся і меркаваў, што кідае бутэлькі ў будынак парламента. Таксама вядома, што ў Нідэрландах яго абвясцілі ў вышук за іншае правапарушэнне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі